Беларусалім. Кніга першая. Золак. Павел Севярынец
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Беларусалім. Кніга першая. Золак - Павел Севярынец страница 42

СКАЧАТЬ памяняе прозьвішча ў пашпарце, усё, больш ніякіх праклятых Максімчукоў – і толькі тут, у цеплыні, перад сьвечкамі, пачуў, як абступаюць, як шэпчуць яму мудрыя жанчыны са сьценаў: “Даруй… Даруй…”

      Адказу – як і тады, пасьля блуднай начы з Алесяй з хору, яшчэ зацемна, спустошаны, перад раньняй літургіяй, заплюшчыўшы вочы ля сьвечак… Нейкая прыхаджанка на шпільках прайшла праз увесь сабор з рэхам, чаканна, бы на подыюме, – і з кожным ударам параненага сэрца чуў, як кожны цік абцасіка заганяе цьвікі ў запясьці ды ступакі Госпада… і сам плакаў і шаптаў: “Прабач!..”

      Часам ён заставаўся тут ля вялікага паклоннага крыжа, пасьля малебнаў і акафістаў, калі сыходзілі ўсе, Сабор напаўняла сьвятарная ціша, паглынала яго глыбінёй – і адкрываліся таямніцы. Дзінькне ключ у алтары, якім айцец Віталь запірае дараносіцу, ці зь лёгкім павевам ветру ад уваходу прыадчыніцца, крыху пачакае і зачыніцца Царская брама.

      Сыход?.. Прыйсьце? Дух вее. Ня ведаеш, адкуль прыходзіць і куды сыходзіць. Але калі Ён прыйшоў, ты адчуеш. Вее.

      І воля.

      Воля – гэта галоўнае, дзеля чаго ён, беларус, праваслаўны. Так, поўня вучэньня, так, таямніца прысутнасьці ў абразах, так, бел-чырвона-белая стужка ўладыкаў на сьвяты і белае з чырвоным прычасьце – гэта былі прычыны. Але самае важнае – Воля. Ня немы касьцёльны халадок, калі ты мусіш, не пратэстанцкія выбухі паветра, не… Жывое дыханьне волі, якое ён не прамяняе ні на што.

      “За адзін уздых усё даруецца…”

      Ягоная слава беларускага праваслаўя – гэта была сімфонія раньняй літургіі, калі сустракаеш сьвятло новага дня, пяеш і прымружваесься ад залатых струнаў сонца, што трымцяць, працінаюць увесь храм ад вялікіх вокнаў алтара; усьмешка айца Віталя, проста ўсьмешка мімаходзь, стоеная ў серабрыстай барадзе; імгненнае перажываньне з кожным “Госпадзе, зьмілуйся” асобнага грэху, і камень за камянём з душы; і радаснае “Алелюя!”, якое падымае цябе над зямлёю, аж чутно, як шумяць шасьцікрылыя мнагавокія празрыстыя сьветлыя істоты, пяюць, вапіюць, узываюць і глаголюць; і чыстая сольдругой актавы ў анёлагалосьсі Херувімскай песьні… “Калі ж нехта з вас па нявер’і сваім у чашы са Сьвятымі дарамі ўбачыць сапраўдную кроў, ня бегайце па прытворах, не агалашайце храм воплямі, не прыставайце да сьвятароў і дыяканаў, вочы вырачыўшы – гэта нармальна”. І асабліва калі адсьпяваеш, пасьля пякучага прычасьця ў натруджанае горла, выходзіш з Сабора, з блажэнным хрумстам у зацеклых суглобах жагнаесься, кланяесься алтару ў глыбіні дзьвераў, удыхаеш на поўныя грудзі неба – ты вольны, вольны і маеш Бога ў сабе!..

      Шэпча, моліцца ціхімі сьвечкамі й рэхамі Сабор. Моляцца і Ефрасіньня, сьвятая мама, і Кірыла, сьвяты тата, спавіты бел-чырвона-белым, і спалоханыя, зь вялікімі вачыма, тры віленскія пакутнікі, усе родныя, усе свае – колькі іх яшчэ засталося, верных, на гэтай зямлі?..

      Слухай, Ян. Бог даў чалавеку два вухі і толькі адзін рот. Слухай.

      Зноў мурашкі па скуры – увесь Сабор засіпеў ад шолаху з прытвора. О, гэты СКАЧАТЬ