Беларусалім. Кніга першая. Золак. Павел Севярынец
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Беларусалім. Кніга першая. Золак - Павел Севярынец страница 34

СКАЧАТЬ як вакол засьвісьцела, загалёкала і пачалі выбухаць навагоднія салюты. Страляла й бахала так, быццам у Менску пачалася вайна. У лёгкія хлынуў холад – і жах ад таго, што ён ляжыць на асфальце, раскінуўшы рукі, пракляты, з ныючымі ад удару бампера каленнымі чашачкамі. Яшчэ жывы. А з машыны нехта крэхча і выбіраецца з дымам, – гэты жах разам з салютамі рваў яго знутры.

      Ён прагна дыхаў і жэр вачыма сьцюдзёную прастору раптоўна збаўленага сьвету. Было чамусьці нясьцерпна балюча ад сьвятла – так бывае, калі раптоўна прачнесься. Белая Катэдра, белая Ратуша, белы Сабор пеклі дрыготкую душу, агромністымі зорамі выпальвалі зрок ліхтары.

      Ты хто?

      Леў?

      Што яшчэ, халера, за леў…

      Жывая зарослая глыба, нейкі мацёры бомж ці то мікеланджэлаўскі чалавечышча – на тле зорнага неба, падсьвечанага салютамі. Каржакаваты стары, барадаты, з магутным чэрапам, ахопленым густымі, ускудлачанымі, працятымі срэбрам валасамі да крутых плечаў, з глыбокімі шэра-зялёнымі вачыма, якія пабліскваюць з самага дна вачніцаў… І, галоўнае, нос, буйны, грозны нос зь пячорамі ноздраў і трапяткімі крыламі.

      Бог цябе любіць.

      Мяне?!

      Цела слухацца не хацела. Але тут, цяпер, пра любоў – гэта было занадта. І калі Леў абмацаў яго, ці цэлы, расшпіліў, зьняў, сіпучы ад болю, сваю апранаху ды агарнуў яго, клапатліва крэхчучы – Андрэй раптам утнуўся ў ягоны цёплы вязаны швэдар, у шумнае дыханьне, у буйны стукат сэрца, у воўну дамавітага паху, скаўтваючы заглушаны крык, і зарыдаў, і моцна абняў яго, нібы бацьку, якога ніколі ў жыцьці ня ведаў.

      Хто ён, гэты калматы, барадаты корч, як быццам з пушчаў Вялікага Княства Літоўскага, ледзь не ў зьвярынай скуры, больш падобны на чорта, чым на анёла… Па-беларуску – ты чуў, што тварыцца… І на машыну сваю грохнутую нават ня глянуў – у ахапак і павалок…

      Відаць, адзін з тых цемрашалаў, выкапнёвых, сярэднявечных рэлігійных фанатыкаў, якія час ад часу ўсплываюць у фэйсбуку са сваімі армагедонамі і пэцкаюць чорны квадрат спасылкамі зь Бібліі ды лічбай шэсьцьсот шэсьцьдзясят шэсьць. У гэтым было штосьці настолькі цёмнае, што Белазора перасмыкнула.

      Балелі калені – так, нібы ён няспынна кленчыў усё мінулае жыцьцё.

      Зыркі белы квадрат, акаваная падсьветка ў ходніку ля Ратушы, раптам асьляпіў яго з глыбіні зямлі. І ліхтары, невыносна зыркія буйныя шары сьвятла, быццам сьведкі, расстаўленыя на Плошчы Волі ў нейкім таемным вызначаным парадку, палілі вагнём.

      Ён учапіўся ў дрэва, калі Леў цягнуў яго да Палаца. Нібы тапелец у віры, нават вачыма ўгрызаўся ў чарнату кары. Зямля хіснулася пад нагамі, і на імгненьне здалося, што ствол вось-вось ляжа яму на плечы, хруснуць ключыцы… Ды й цяпер, сярод людзей на Кастрычніцкай плошчы, яму не хапала галавы асэнсаваць: гэты кажух, гэтае цяпло, гэты ўладны рык і хрыплае дыханьне, бліскучыя ўспышкі і вастрыі сьвятла, што рэжуць вочы – адкуль гэта яму? Няўжо цяпер, такі, ён камусьці на сьвеце патрэбны? І куды, чорт пабірай, урэсьце цягне яго праз натоўп гэты Леў?

      Ён ужо трохі адагрэўся, штохвіліны хутаўся, і разам зь цёплымі дрыжыкамі, скрозь прылівы жаху і эйфарыі, яго СКАЧАТЬ