Название: Ночы на Плябанскіх млынах (зборнік)
Автор: Людміла Рублеўская
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-02-1428-7
isbn:
Тыя, хто прыйшоў расстрэльваць адчайнага шляхцюка, расказвалі, што ён чамусьці быў увесь мокры – нібыта на яго лінулі вадой з вядра… І нібыта ўзрадваўся прыходу катаў… І смяяўся, нават калі першая куля патрапіла ў ягоныя грудзі.
Ніякай жанчыны ў сутарэннях, дзе адбыўся патаемны і хуткі расстрэл, вядома, ніхто не ўбачыў. Пасля пачалі расказваць, што дух пана Міхала адправіўся на вышэйшы суд нераскаяным і не можа пакінуць зямлі… І ягоны прывід сумна паглядаў з вокнаў ратушы цягам стагоддзяў… І калі тую ратушу нашыя нашчадкі адбудуюць – ён зноў будзе там.
Пан Беларэцкі скончыў аповед і пацягнуўся да кубка з астылай гарбатай.
– Ну а зараз пан Андрусь стане нас запэўніваць, што дзяўчына, якая абразіла Валадковіча, была свіслацкай русалкай, – насмешна пракаментаваў Улад.
Фалькларыст паставіў кубак на стол і паважна адкінуўся ў крэсле.
– Каментаваць міфы як рэальныя падзеі нельга, – прамовіў ён павучальным тонам, – адзінае, у чым я перакананы, што ў аснове кожнага міфа, падання, легенды сапраўдныя падзеі, але часта скажоныя да непазнавальнасці, як адлюстраванне ў імклівым ручаі. Страшэнная трагедыя ператвараецца ў вясёлую казку пра Калабка. І, наадварот, за самымі таямнічымі і рамантычнымі легендамі хаваецца нешта будзённае і нават камічнае. Ведаеце, гэтак ідзеш па лясной сцежцы і бачыш проста перад вачыма дзівосныя каралі з напоўненых залатым святлом перлінаў… Аж сэрца зойме ад незямной прыгажосці. Прыгледзешся – а гэта звычайнае павуцінне, пакрытае расой… Ды яшчэ дохлая казюрка ў ім вісіць.
– Ну, наконт дохлай казюркі замест рамантычных караляў гэта мы ўсе спазналі…– прамармытаў Улад, і чуйнае вуха Зосі ўлавіла за няўцямнымі словамі таямніцу, як вопытная гаспадыня па першым вуркатанні вару пазнае, што гарбату трэба здымаць з агню.
– Уладзе, ану расказвай, што зараз успомніў! Мы ж дамаўляліся – ніхто не адмаўчыцца.
Малады чалавек паціснуў плячыма:
– Вы будзеце расчараваныя. Ні двубою за чароўную даму, ні сустрэчы з прывідам я не перажыў. Мая гісторыя, вядома, будзе тэатральная.
Гісторыя пра начны спектакль у Менскім тэатры
Здарылася гэта са мною, калі я яшчэ свята верыў у рамантыку і ў тое, што тэатр – сапраўдны храм. Я пасварыўся з бацькам і сышоў з дому. Два гады заняткаў у студыі давалі падставу верыць, што жыццё маё складзецца цікава і слаўна, не горш, чым у маленькага, аднойдзенага сапраўднымі бацькамі, лорда. Тады ў нашым гарадскім тэатры іграла антрэпрыза пана Г. Не самая горшая, як я пасля ўпэўніўся, але і нічым не лепшая за іншыя СКАЧАТЬ