Название: Янкі, альбо Астатні наезд на Літве
Автор: Уладзіслаў Ахроменка
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-6530-42-8
isbn:
Тым часам Хросны, Спагеці і падлетак-верабей таропка спускаліся гулкімі пажарнымі сходамі, што строгім геаметрычным зігзагам раскрэслівалі глухую сцяну бакавога фасада старых бойняў. – Ну што, мудзіла, скаштаваў? – пачулася з-за расстралянага паліцэйскага “Пакарда”.
Каля прабітай кулямі дзвёркі стаяў блюзнер са скрываўленай бейсбольнай бітай у руках і пераможна паглядаў на мерцвяка ў чорным мундзіры, які пяліў нязрушныя зенкі ў васільковае чыкагскае неба. Прахалодны ветрык з Мічыган-Возера пяшчотна варушыў кароткую фрызуру нябожчыка.
– Сямён, а ты чаму разам з усімі сутарэннямі не сыйшоў? – здзівіўся Хросны.
– Дык гэта… цікава ж! – дурнавата пасміхнуўся блюзнер, – дзядзька Хросны, а нябожчык – рыхтык вы!
– Не плявузгай, сурочыш, – сувора перапыніў беларускі мафіёзі, задуменна пачухаў патыліцу і глянуў на Спагеці. – Ані табе Карла, ані мне ў гэтай паскуднай Амерыцы больш разгарнуцца не дадуць, – Хросны ўважліва разглядаў дакументы забітага копа. – Халера, ты ж шэрыфа – самаго Сміта-Весона коцнуў!
– Si, – сціпла прызнаўся Спагеці, зняў “барсаліну” і перажагнаўся.
Старэчыя вусны варушыліся, бязгучная малітва скончылася кароткім, як стрэл, “Amen”.
– Люксовыя нумары ў “Сінг-Сінгу” і электрычны фатэль для нас, лічы, падрыхтаваныя. Куды падашся цяпер, Карла? На Захад, ці на Ўсход? – Хросны цярпліва дачакаўся, калі капялюш зноў прыкрые сівы голаў.
Спагеці крыва пасміхнуўся, знізаў плячыма, зняў з сябе залаты абразок з выявай святога Януара – апекуна злодзеяў з махлярамі, і шляхетным жэстам спрэзентаваў Хроснаму. Гэта азначала, што ён – Карла Вінцэнта Марыя Спагеці, прафесійны мафіёзі ў семнаццатым пакаленні, з гэтага моманту – названы брат беларускага бутлегера, патомнага майстра па выганцы моцных трункаў.
– А вось я, дзядзька Хросны, у Злучаных Штатах застаюся! – без ваганняў вырашыў блюзнер Сямён і гучна каўтнуў сліну. – Амерыка – краіна незлічоных магчымасцяў. Любая басота-галота мае шанцы стаць міліярдэрам, акулай Уол-стрыта ці хаця б якім-небудзь кангрэсменам. Паглядзіце на Ракфелера…
– Ты, Сямён, на сябе паглядзі! – з дакорам прапанаваў Хросны…
Наступным днём усе чыкагскія газеты выйшлі з кідкімі загалоўкамі: “Гангстэр Карла Спагеці з мафіёзнай групоўкі “Сіцылійская вячэра” застрэліў шэрыфа Джона Сміта-Весона!”, “Чыкагская паліцыя зліквідавала бутлегерскую сетку “Тутэйшыя!”, “Сяржант Нік Джонсан застрэліў гангстэра Піта Пратасеню па мянушцы Бімбер!”, “Яшчэ дзесяць паліцыянтаў згарэлі жыўцом!”
Тым часам адзін з галоўных герояў газетных рэпартажаў ужо сядзеў у шэзлонгу на палубе трансакіянскага лайнера “Нармандыя”, што кіраваўся ў Стары Свет. На яго шыі побач з крыжыкам зіхцеў залаты абразок са Святым Януарам. Праз саломінку Хросны пацягваў зафарбаваны апельсінавым сокам пярвак і раўнадушна сузіраў, як хмарачосы Манхэтэна знікаюць СКАЧАТЬ