Дыплом на царства. Аркадзь Ліцьвін
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Дыплом на царства - Аркадзь Ліцьвін страница 78

СКАЧАТЬ перад усім! Вялікі канцлер, а за круцыфіксам і далягляду не разгледзіць! Не дзіва і не шкода, калі яго сапхне з пасады вунь той малады «Дэмасфэн».

      – Але ж мосьці панове і вы, ваша правялебнасць, – гетман стрымліваў раздражненне, – рачце ўзважыць. Люблінская вунія рыхтавалася больш паўтары сотні год. Грунт быў у значнай ступені забяспечаны і то ішло з супрацівам. А вам здаецца, што з такім разлеглым і вялікім цэсарствам, як Масковія, можна дасягнуць падобнага за пару дзесяткаў тыдняў.

      – Усім сэрцам падзяляю ваша меркаванне, пане гетман, – стрымана ўставіў Сапега.

      – Але ж у Любліне атрымалася, бо душою і сэрцам да справы прыклаліся! – не здаваўся каронны канцлер.

      Нібы не ведаюць, што і дагэтуль нават такія як Хадкевічы ды Радзівілы ў лес паглядаюць. А колькі тых, малазначных, памятае і рупіцца пра сваё Княства больш, чым пра вось гэтых варшаўскіх сэнатараў, што паседжваюць за надзейнай аслонай войска і вучаць яго ваяваць так, каб іх задаволіла.

      Гетман ледзь не крыкнуў, дык чаму ж не ішлі са мною, каб прыкласціся душою і сэрцам! Чаму не жахнуліся, з якой жменькай выправіў мяне кароль супраць сарака тысяч маскавітаў? Ля Смаленска, пры каралю, утульней? Як казаў святы Аўгустын, прыемна быць на караблі падчас буры, калі ведаеш, што карабель застанецца цэлы. Яшчэ раз вырашыў паспрабаваць, але не паспеў.

      – А з тым смяротным пакараннем, то перахапілі схізматыкі думку ў сваіх хаўруснікаў—шведаў, – вылез не вельмі разумна нехта ззаду.

      Жыгімонт ледзь заўважна пакрывіўся. Усялякі напамін пра рэлігійныя завастрэнні на сваёй радзіме перажываў востра, хоць і стараўся не паказваць.

      – Пра такі звычай не можа быць мовы, – перасцярог сурова. – Дастаткова будзе абыходзіцца з маскавітамі паводле таго ладу, якім падлягаюць волі сваіх паноў.

      Натуральна, ці мог новы крыжак Жыгімонт адступіцца ад сваёй задумы. Цень Лаёлы ўзносіў над ім сваё бласлаўленне. Нецяжка было скеміць, што адыход ад маскавіцкай улегласці пацягне жаданне яшчэ большай волі. А ці ўтрымаеш тады Крэмль ды Смаленск?

      – Вялікакняская шапка Масковіі ў нашых руках – найлепшае забеспячэнне яе рэлігійнага адраджэння, – зазначыў як неаспрэчнае прымас. – Што да пакарання, то і гэта будзе вызначацца Найяснейшым панам згодна з маскоўскай традыцыяй.

      Кароль задаволены кіўнуў. Прымас ледзь не даслоўна пераказаў яго меркаванне, выказанае апостальскаму нунцыю Сыманэту* для паведамлення Рыму. Толькі казалася пра шапку на яго, жыгімонтавай, галаве. І ўскладзеную без папярэдніх умоў, як вынік вайсковай перамогі.

      Гетман адчуваў сябе бездапаможным у гэтых тэалагічных спрэчках. Нібы вярнуліся часы крыжовых паходаў, а палітычныя мэты і цвярозыя высновы саступілі заклікам і сімвалам веры.

      «Нічога вы не атрымаеце, шаноўныя, – падумаў ён, аглядаючы зацятыя твары і выцягнутыя ў нітачку вусны слуг Божых. – Ані абшараў дзеля пашырэння слова Божага ў вашым тлумачэнні, СКАЧАТЬ