Дэманы доктара Глінскага. Сяргей Егарэйчанка
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Дэманы доктара Глінскага - Сяргей Егарэйчанка страница 44

СКАЧАТЬ Мы гатовыя выпрацоўваць больш энергіі, чым дае сярэдняя атамная электрастанцыя, пры гэтым наша вытворчасць будзе значна больш бяспечнай і невымерна больш экалагічнай. І гэта толькі пачатак! Паглядзіце, Якуб, гэта наша дзецішча, – і Клаўс павярнуўся назад, даючы мне нарэшце магчымасць зірнуць на велізарную канструкцыю, якая размяшчалася за яго спінай.

      Паглядзець сапраўды было на што. Памяшканне, у якім размяшчаўся рэактар, па памерах амаль раўнялася ўваходнай зоне бункера, прычым вышыня столей візуальна здавалася нават большай. Амаль усю прастору займала вялізная замкнёная канструкцыя – круглы тунэль вышынёй у тры чалавечыя росты, аблытаны высакавольтнымі правадамі і шматлікімі патрубкамі. Уся канструкцыя была закрыта рыштаваннямі з усталяваным на іх разнастайным абсталяваннем.

      У такія моманты я, гуманітарый, заўсёды адчуваў сваю бездапаможнасць і схіленне перад тэхнічным геніем чалавека, здольным не толькі прыдумаць і сабраць падобную канструкцыю, але і прымусіць яе працаваць. Цяпер мяне апанавала менавіта такое пачуццё.

      Вакол рэактара сабралася блізу дваццаці чалавек тэхнікаў, яны ўважліва слухалі Клаўса і глядзелі на мяне, аднак вымушаны прызнаць, што ў гэтую хвіліну я забыўся аб правілах прыстойнасці і нават не паціснуў рукі гэтым людзям. Яны, зрэшты, не навязвалі сваё знаёмства, трымаючыся воддаль з некаторай павагай, аднак жа і з пачуццём уласнай годнасці.

      Клаўс дапытліва зазіраў мне ў твар, як пачатковец-мастак, які жадае атрымаць адабрэнне і рэкамендацыю заслужанага мэтра.

      – Ну як вам, Якуб?

      – Мне здаецца, бессэнсоўна прасіць ацэнкі ў такога дылетанта, як я, прафесар. Адно я магу сказаць дакладна: калі вы сапраўды прымусіце гэтую машыну працаваць, я буду да канца жыцця схіляцца перад вамі.

      Стары быў задаволены, нібы кот, якога пачаставалі смятанай.

      – Вы ведаеце, чаму гэтыя рэактары называюць стэларатарамі?

      – Ад лацінскага «stella» – зорка, калі не памыляюся?

      – Усё так. Унутры гэтага тунэля адбываюцца працэсы, падобныя да такіх жа ў сонечным ядры. Мы разаграваем вадародную плазму да тэмпературы амаль у сто мільёнаў градусаў па Цэльсію і ўтрымліваем яе ў раўнаважкім стане з дапамогай вельмі складанай сістэмы магнітаў і кантролераў. Прыкладна тое самае адбываецца і на Сонцы. Мы зможам дасягнуць мары ўсіх пісьменнікаў-фантастаў – выкарыстоўваць энергію цэлай зоркі для патрэб чалавецтва, і гэта будзе не фантастыкай, а самай што ні на ёсць рэальнасцю, якая стала магчымай дзякуючы сумеснай працы выбітных розумаў. Гэта невялікі рэактар, але нават з дапамогай такой малюткі вельмі хутка мы зможам выйсці на практычную магутнасць у 20 гігават. Уяўляеце, што будзе, калі пабудаваць такі рэактар, але ў некалькі разоў большы у прамысловых раёнах зямнога шара, якія патрабуюць велізарнай колькасці энергіі? Некалькі стэларатараў здольныя пакрыць усе патрэбы Еўропы, а гэта цалкам зменіць не толькі наша ўяўленне аб энергазабеспячэнні СКАЧАТЬ