Название: Маска Чырвонае Смерці (зборнік)
Автор: Эдгар Алан По
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Зарубежная классика
Серия: Бібліятэка часопіса “ПрайдзіСвет” “PostScriptum”
isbn: 978-985-90386-8-6
isbn:
Гэтая страшная ноч ужо амаль мінула, калі тая, што была мёртваю, зноў варухнулася – ужо жывей, чым у папярэднія разы, хаця абуджэнню гэтаму папярэднічала змярцвенне, найбольш безнадзейнае з усіх. Я ўжо даўно адмовіўся ад спробаў змагацца і нават рухацца і застаўся сядзець на атаманцы – бездапаможная ахвяра зграі пачуццяў, з якіх скрайні жах быў, мабыць, найменш страшным і валадарным.
Цела, паўтару, зварухнулася нашмат жывей. Фарбы жыцця з новай сілай ажывілі твар, мышцы расслабіліся, і калі б не заплюшчаныя вочы і пахавальныя павязкі і саван на нерухомай фігуры, што ўсё яшчэ злучалі яе з магілаю, я мог бы паверыць, што Равэна насамрэч апрытомнела і скінула кайданы Смерці. Але нават калі я не прыняў тады гэтай думкі, то ўсе сумневы зніклі, калі, узняўшыся з ложка, няўпэўненымі крокамі патрывожанага ў сне, з заплюшчанымі вачыма, тое, што было спавітае саванам, рашуча рушыла ў сярэдзіну пакоя.
Я не дрыжаў – я не варухнуўся – безліч немагчымых фантазіяў, выкліканых выглядам, абрысамі, паставай фігуры, пранеслася ў маёй галаве, паралізавала мяне і ператварыла ў халодны камень. Я не зварухнуўся – але глядзеў неадрыўна. У думках маіх панавалі разлад і мітусня. Няўжо насамрэч перада мною стаяла жывая Равэна? Ці магла гэта быць Равэна – светлавалосая блакітнавокая Равэна Трэмэньён з Трэмэйна? Чаму, чаму я засумняваўся ў гэтым? Павязкі моцна абвіналі рот – але хіба гэта не мог быць рот жывой лэдзі Равэны? А шчокі – яны квітнелі ружамі, як у паўдзённы час яе жыцця – так, гэта маглі быць шчокі жывой лэдзі Равэны. А падбароддзе, а ямачкі, што казалі пра здароўе, – чаму б ім не быць ейнымі? Але няўжо яна магла стаць вышэйшай за час сваёй хваробы? Якое невымоўнае вар’яцтва апанавала мяне ад гэтай думкі! Адзін скачок – і я апынуўся ля яе ног! Адхіліўшыся ад майго дотыку, яна адкінула жахлівую пахавальную павязку, якая абвінала яе галаву, і ў рухомым паветры пакоя рассыпаліся пасмы даўгіх растрапаных валасоў – яны былі чарнейшыя за крумкачовыя крылы поўначы! І тады павольна расплюшчыліся вочы тае, што стаяла перада мной.
– Прынамсі ў гэтым, – ускрыкнуў я, – у гэтым я не магу – ніколі б не змог памыліцца! Гэта чорныя, глыбокія, шалёныя вочы маёй страчанай каханай… лэдзі… ЛЭДЗІ ЛІГЕІ!
Маска Чырвонае Смерці
Чырвоная Смерць ужо даўно спусташала краіну. Ніводная пошасць не была ніколі такая згубная й такая агідная. Кроў была яе ўвасабленнем і яе пячаткаю – чырвань і жудасць крыві. Спачатку востры боль і раптоўная помарач, пасля з усіх пораў пачынала сачыцца кроў, пакуль не наставаў смяротны распад. Пунсовыя плямы на целе, асабліва на твары, былі кляймом пракляцця, якое пазбаўляла ахвяру людское дапамогі й спагады. I ўвесь гэты поступ хваробы, ад першых азнакаў да жахлівага канца, СКАЧАТЬ