Маска Чырвонае Смерці (зборнік). Эдгар Алан По
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Маска Чырвонае Смерці (зборнік) - Эдгар Алан По страница 20

СКАЧАТЬ І (дзіўная, якая дзіўная таямніца!) у самых звычайных рэчах я знаходзіў выразы, падобныя да гэтага. Я маю на ўвазе, што з таго часу, як прыгажосць Лігеі ўвайшла ў маё сэрца і знайшла там свой храм, я часта адчуваў тое ж, што выклікалі ўва мне яе вялізныя бліскучыя вочы, калі бачыў іншыя, матэрыяльныя рэчы. І тым не менш я не мог акрэсліць гэтае пачуццё, не мог яго прааналізаваць ці нават уважліва вывучыць. Яно прыходзіла, паўтараю, калі я разглядаў доўгую лазу ці любаваўся матыльком, хрызалідай, хуткаплыннай ракой. Ува мне яго абуджалі акіян і падзенне метэора. Яно было ў поглядах людзей, што дажылі да незвычайна глыбокай старасці. І ёсць дзве-тры зоркі ў небе (асабліва адна, зорка шостае велічыні, двайная і пераменная, побач з буйной зоркай у сузор’і Ліры*), якія выклікалі гэтае пачуццё, калі я глядзеў на іх у тэлескоп. Яно перапаўняла мяне ад некаторых гукаў струнных інструментаў і нярэдка – падчас чытання некаторых месцаў у кнігах. Сярод іншых незлічоных прыкладаў мне асабліва запомніўся выраз з тома Джозэфа Глэнвіла, які (магчыма, сваёй мудрагелістасцю – хто ведае?) абуджаў гэтае пачуццё заўсёды: «І ў гэтым – воля, што не ведае смерці. Хто ведае таямніцы волі ва ўсёй моцы яе? Таму што Бог ёсць не чым іншым, як вялікай воляй, што прасякае ўсё самой прыродай задумы свае. Не аддае сябе чалавек ні анёлам, ні смерці цалкам, толькі праз бяссілле слабое свае волі».

      Доўгія гады і наступныя разважанні дазволілі мне знайсці аддаленую сувязь гэтага выслоўя ангельскага мараліста з некаторымі рысамі характару Лігеі. Сіла ў думках, учынках і размовах Лігеі магла быць вынікам – ці, прынамсі, сведчаннем – яе тытанічнае волі, якая за доўгі час нашае блізкасці больш не з’яўляла ніякіх знакаў свайго існавання. З усіх жанчынаў, якіх я калі-небудзь ведаў, яна – вонкава спакойная, заўсёды ціхамірная Лігея – зрабілася найбольш бездапаможнай здабычай дзікіх грыфаў бязлітаснае жарсці. І сілы гэтай жарсці я не змог бы ўявіць, калі б толькі вочы яе не раскрываліся так чароўна, што захапляла і палохала мяне; калі б не амаль магічная меладычнасць і выразнасць яе нізкага спакойнага голасу і шалёная энергія (тым больш дзіўная ў параўнанні з яе звычайнай манерай гаварыць) шалёных словаў, што пастаянна зрываліся з яе вуснаў.

      Я згадваў вучонасць Лігеі – яна была бязмежнай; такой я не сустракаў ні ў адной жанчыны. У класічных мовах яна была глыбока дасведчаная, і не было ніводнай вядомай мне сучаснай еўрапейскай гаворкі, на якой яна не размаўляла б бездакорна. Дый ці існавала галіна ведаў, найбольш модная – проста таму, што найбольш заблытаная, – з тых, якімі ганарыцца акадэмічная эрудыцыя, у якой яна б чагосьці не ведала? І як незвычайна і непаўторна гэтая рыса маёй жонкі толькі ў апошні перыяд завалодала маёй увагаю! Я казаў, што такой вучонасці не сустракаў ні ў аднае жанчыны, – але ці знойдзецца мужчына, які б спасціг – і спасціг паспяхова – усе неасяжныя галіны гуманітарных, фізічных і матэматычных навук? Тады я не бачыў так ясна, як цяпер, што веды Лігеі былі незвычайнымі, неабдымнымі. Аднак СКАЧАТЬ