Название: Ночы на Плябанскіх млынах (зборнік)
Автор: Людміла Рублеўская
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-02-1428-7
isbn:
Пан Беларэцкі ўтаропіўся ў дачку сябра скрозь акуляры, і непрамоўленае нібыта чулася ў працятым пахавальнымі свечкамі паветры.
Дзяўчына сумелася.
– Я… я не ведаю. Мне здаецца, што каханне вартае таго, каб чакаць яго… у адказ.
– А калі не дачакаешся? – Андрэй Беларэцкі жаласліва ўсміхнуўся. – Усё жыццё – назіраць, як ля яго цяпла грэюцца іншыя… А табе – толькі водсвет… Хіба не лепей – стварыць сям’ю… З чалавекам, якога ведаеш, якому верыш?
Ной чамусьці нервова рагатнуў, а Дарота перавяла позірк на Улада. Той адразу адвёў вочы…
– І ўсё-ткі – няхай лепей хоць водсвет. Гэтыя словы Дарота амаль прашаптала. Зося фыркнула:
– Таксама мне, рамантыка… Рэвалюцыя перамагла – вось дзе рамантыка! Хутка сям’я як адзінка грамадства ўвогуле знікне. А дзяцей гадаваць стануць камунай.
Пан Беларэцкі нават перажагнаўся:
– Няшчасныя дзеці…
– Ты, Зося, яшчэ ўспомні тэорыю камісаркі Аляксандры Калантай пра тое, што задавальванне юру мусіць быць не складаней, чым выпіць шклянку вады, – раздражнёна прамовіла Дарота.
– Дарэчы, я нядаўна корпаўся ў архівах, а там чаго толькі не напаткаеш. Дык таварыш Калантай, падобна, з роду спалячаных беларусаў Калантаёў,– задуменна прамовіў Беларэцкі.– Калісьці прозвішча гучэла як Карантай, ад слова «кароткі»… Мне часам здаецца, што беларусы вылепленыя з воску – гэтак лёгка прымаюць любыя формы пад сонцам часу – абы не быць самімі сабою… Эх, сапраўды, як казаў адзін мой старэйшы калега – каб хто загадаў беларусу быць беларусам, не было б лепшага беларуса… А так… Дакладна па словах Купалы: «Там чутна: «Беларусь», там – «Незалежнасць!» А там – «Паўстань пракляцем…» Ну а мы?
Мы ў страху… дум крутня… разбежнасць… Без толку крыллем хлопаем, як цьмы».
Адна са свечак замігцела ў апошнім жаданні жыць – і згасла, ператварыўшыся ў брудную лужыну воску. Мокры вецер ударыў у шыбы, так што астатнія, яшчэ жывыя, агеньчыкі рвануліся СКАЧАТЬ