Ночы на Плябанскіх млынах (зборнік). Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Ночы на Плябанскіх млынах (зборнік) - Людміла Рублеўская страница 17

СКАЧАТЬ стане, што гатовая была прыняць гэта за нейкі знак. Ліст апусціўся проста на букет дарагіх аранжарэйных фіялак, якія мерзлі ў беларускім лістападзе, як усходнія прыгажуні, і я пацягнулася адкінуць ад іх жоўтага нахабу. На земляным насыпу між кветак нешта збліснула… Я адсунула стракатыя пялёсткі… І ўбачыла брошку ў выглядзе лілеі.

      Сказаць, што я была агаломшаная – не сказаць нічога. Мяне быццам абдало ільдзяной вадой, сэрца абарвалася, нібы я скочыла з адхону. Ну а вы, што б вы падумалі на маім месцы? Ніякіх рацыянальных тлумачэнняў у мяне не мелася. Проста нябожчыца пачула маю шчырую просьбу і вярнула памятны знак. Я дрыжачымі пальцамі ўзяла брошку – так, гэта была яна, голка, вядома, расшпіленая… Радасць ад нечаканай знаходкі патанала ў містычным жаху. А калі тая, што вярнула брошку, зараз тут, побач са мной? Я ж так яе клікала… Я непаслухмянымі вуснамі прамовіла «дзякуй», паднялася і рушыла, змушаючы сябе не бегчы – яна ж можа пакрыўдзіцца… Маліцца… Выратуе адно – шчыра маліцца… Замоўлю за Караліну-Марыю імшу… Чым бліжэй я падыходзіла да брамы, да пазбаўленага містычнасці мітуслівага местачковага жыцця, тым больш ува мне выспявала ўдзячнасць і яшчэ нешта незвычайна ўзнёслае, быццам крылы раслі… Не ведаю, як далей павярнуўся б мой лёс – здараюцца імгненні, якія фармуюць чалавека, як рукі майстрыхі цеста, – калі б не выпадак… Які прыняў аблічча дурня Генуся. Генуся ведала ўсё мястэчка. Худы і прыгорблены, быццам вечна нёс на сабе мех з мукой – Генуся часам, калі ён быў не вельмі шалёны, бралі на працу на млын. Рот прыадкрыты, зубы – наперад, у вачах светлая каламуць, на носе вечная кропля… Ну, што я апісваю – вы самі мусіце ведаць, як выглядае класічны местачковы дурнячок… І вось гэты Генусь падслепаватым каршуком кінуўся на мяне… Дакладней, на брошку-лілею, што я несла перад сабой у руках, як прыгаршчу святой вады.

      – Не тваё! Не тваё! Аддай! Злодзейка! Злодзейка! – верашчаў Генусь, спрабуючы выхапіць у мяне з’яўленае са свежай магілы ўпрыгожванне. Я ўварочвалася, як ад гарэзлівага шчанючка, але… містычны жах мой яшчэ пабольшаў. Адразу палезлі ў галаву легенды пра юрадаў ды блажэнных, надзеленых дарам прароцтва… Каб адкінуць насланнё, закрычала першае, што прыйшло ў галаву:

      – Сам злодзей!

      Генусь нечакана змоўк, нібыта яго выцялі, перагнуўся напалам і жаласна заенчыў… У ягоных няўцямных, як далёкая травеньская бліскавіца, словах я нарэшце ўгледзела сэнс, як у віры ўгледжваюць апошняе выйсце. Брошку забраў з труны Караліны-Марыі Генусь, паколькі небарака быў закаханы, як толькі можа быць закаханым немаёмасны дурнячок у паненку з добрага сямейства. А паклаў на магілу ці таму, што паненка стала яму з’яўляцца ў снах, ці нехта сказаў, што забіраць нешта з труны вялікі грэх, а Генусь быў надта пабожны – гэтага я ўжо не разабрала дакладна… Я ледзь здушыла істэрычны смех. Падумайце толькі – калі б я выпадкова не напаткала небараку, у мяне б жыццё па-іншаму склалася! І сёння, магчыма, СКАЧАТЬ