Название: Ночы на Плябанскіх млынах (зборнік)
Автор: Людміла Рублеўская
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-02-1428-7
isbn:
Маці па-сапраўднаму ўзрушылася, спрачацца было бескарысна…
Урэшце мне дзесьці ў душы і самой было цікава зноў дакрануцца да гісторыі з таемным вяселлем. Варта ўявіць сябе Натам Пінкертанам – не смейцеся, я тады старанна збірала ўсе гэтыя брашуркі народнай бібліятэкі з прыгодамі вялікага сышчыка – і таямніца раскрыецца. Немка сказала, што вянчанне мусіла адбыцца ў Залатагорскім касцёле ў суботу. Значыць, я даведаюся імёны жаніха і нявесты.
Але ў касцёле сухенькі служка з вострым, як дзюба, носам гэтак жа суха і востра паведаміў мне, што ніякага вянчання ў суботу ў касцёле не было. Я разгубілася, а потым западазравала востраноса ў няшчырасці: вядома ж, вянчанне таемнае… Але асцярожныя роспыты прыкасцёльных бабулек таксама анічога не далі…
– Ну якое ж вянчанне, дзетухна! – ледзь не са спачуваннем прамовіла сухенькая бабулька ў чорнай хустцы, падобная да манашкі.– Адпявалі ўчора… Такую ж маладзенькую дзяўчынку. Як ты…
Другая бабулька, у старасвецкім каптуры, з падслепаватымі, але ўсё яшчэ сінімі вачыма, мітуслівая, як лясная птушка, умяшалася:
– Так, так, прыгожанькая такая дзяўчынка… Анёльчык… Часта сюды хадзіла… У вясельнай сукенцы хавалі, дык яна, як каралеўна, ляжала. Уся ў кветках, у карунках. Пальчатачкі белыя-белыя. Сукеначка з фальбонамі, тканіна ўся ў лілеі… Бедная дзяўчыначка… Паслізнулася на мосце, што праз Лошыцу, упала – а там калы ў дно панатыкалі… Гэта няйначай Лядашцік акруціў, злы дух.
– Не Лядашцік, а русалкі! У Лошыцы русалкі водзяцца! – заспрачалася другая бабулька.
– Якія русалкі ўвосень? Лядашцік! Шэўрадзь гэты аднавокі асабліва жанчын ненавідзіць і дзяўчатак, паглядзіць вокам сваім – і розум скручвае… Чаго б дзяўчаці з мосту падаць?
Тым часам другая старая пачала доўгае, нібы восеньскі вечар, разважанне пра тое, каго Гасподзь паклікае да сябе першым, але я амаль ужо гэтага не чула. Усе мае фантазіі разляцеліся, як пялёсткі штучнай ружы, з якой няўмелая рука сарвала нітку… Шчаслівая нявеста, жаніх прыгажун… А насамрэч казачная шаўковакарункавая гожасць і матчына брошка – тут, побач, пад слоем зямлі, вільготнай і цяжкой, як сама незваротнасць. Цяпер зразумела чаму звярнуліся да беднай швачкі, а не ў моднае атэлье – ніхто не хоча азмрачаць настрой заказчыц, якія могуць даведацца, што побач з іхнім сымболем шчасця шылі ўбор для нябожчыцы. Чуткі ў мястэчку разносяцца хутка…
Я павольна пайшла на могілкі. Апошняе залатое лісце сыпалася на магілы… Сапраўды, Залатая Горка… Я ўспомніла пра іншы залаты дождж, які тут сыпаўся, калі сто гадоў таму тут балявала халера і збірала ахвяры не меней, чым чума. А як па мне, дык лепей чума, або, як у гэтай няшчаснай дзяўчыны, недарэчны выпадак, чым паміраць ад, прабачце, разладу страўніка. Людзі адчаяліся і не ведалі, як спыніць пошасць. Набіваліся аж па дах у стары драўляны храм на Залатой СКАЧАТЬ