Ночы на Плябанскіх млынах (зборнік). Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Ночы на Плябанскіх млынах (зборнік) - Людміла Рублеўская страница 25

СКАЧАТЬ Каго яна выяўляла – зразумела… Статуя не прадназначалася для чужых вачэй. Ян пахаваў яе там жа, у сутарэннях. Прачытаў над ёй малітву… І нібыта адчуў сябе вызваленым. Потым з дапамогай пісьменніцы Элізы Ажэшкі, з якой доўга сябраваў, з’ехаў за мяжу. Яшчэ паваяваў у Галіцыі, потым перабраўся ў Парыж. Расейскія ўлады забралі маёнтак у Сляпянцы, падчас вобыску знікла самае каштоўнае – партрэт Аляксандра Пушкіна пэндзля бацькі Яна, Валенція Ваньковіча. Партрэт, якім так захапляліся сучаснікі… Магчыма, дасюль прыўкрашае кабінет якоганебудзь жандарскага чыноўніка. Ян Ваньковіч дажыў амаль да нашага стагоддзя. Не ведаю, ці трывожыў яго прывід чароўнай панны з дома на Францысканскай, але мармуровая статуя дасюль – у скляпеннях дома Ваньковічаў. І я не хацеў бы быць тым, хто яе выкапае. Ну а дом на Францысканскай, спытаеце вы… Ёсць, чаму не. І ганак маецца перад глухой сцяной. Але дом зусім не закінуты – на першым паверсе ажно чатыры маленечкія крамкі: табака, зеляніна, канцылярскія прыналежнасці і вырабы з бляхі. На другім паверсе туляцца сем’і гаспадароў, як семкі ў пераспелым гарбузе. Бялізна развешаная на вяроўках, працягнутых ад вакна да акна, дзеці равуць, кабеты верашчаць. У сутарэннях – склады: бочкі, скрынкі, джамалунгмы вёдраў і бляшаных тазікаў… Гісторыя пра купца і яго трох дачок пацверджваецца гарадской хронікай. Але насельнікі дома відавочна ў прывідаў не вераць. Вядома, ніхто з іх не спрабаваў адчыніць неіснуючыя дзверы агнём і крывёй… Дый я таксама спрабаваць не буду.

      Улад змоўк, і ў цішыні ўсе пачулі трэск – дагарала яшчэ адна свечка, і агеньчык кноту крануў вільготную паверхню стала. Дарота хуценька задзьмула паміраючы агонь.

      Пан Беларэцкі парушыў маўчанне:

      – Сённяшнія дэкадэнты страшэнна любяць гісторыі пра вампіраў ды ламій.

      – І праўда, – зазначыў Ной. – У нас на выставы прыходзіла адна мастачка-акварэлістка, якая пускала пра сябе чуткі, быццам яна вампірша. Прыйдзе – страх глядзець: з набеленым тварам, абведзенымі чорным вачыма і бранзалетам на назе, а іклы напільнікам завостраныя… Каб гэтыя іклы ўсе бачылі, яна ўвесь час падымала верхнюю губу, як пабітая котка. А на вуснах – чырвоная фарба. А пачалося ўсё з таго, што нейкі шлемізул рэкнуў ёй наконт асабліва пікантнай бледнасці ейнага твару… Мне расказвалі, калі яна цалавалася, дык абавязкова да крыві.

      Усе рассмяяліся.

      – Прызнайся, на сабе паспрабаваў? – спытаўся Улад. Ной затрос галавой:

      – Ведаеш, у мяне ўсё-ткі ёсць нейкі… мастакоўскі густ.

      – Карацей, табе падабаюцца іншыя, – зазначыў Улад нечакана змрочна, і часовыя насельнікі дома пасярод паводкі змоўклі, нібыта было сказана нешта небяспечнае. – Што ж, мая маці гаварыла, што каханне – гэта танец… Складаны танец дваіх, дзе амаль немагчыма захаваць раўнавагу – адзін робіць крок наперад, другі на крок адступае… Адзін схіляецца, другі выпростваецца… Потым наадварот… Няверны рух – і ўсё парушана, цені разышліся, маскі зляцелі СКАЧАТЬ