Пакутны век. Трылогія. Васіль Якавенка
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка страница 15

СКАЧАТЬ не робіць ніякага ўплыву на палітыку. У той жа час толькі яно, карэннае, захоўвае нацыянальныя традыцыі і мае патрэбу ў сваёй абароне. Першымі, чуеш, за беларускую справу ўзяліся, калі не казаць пра пецярбургскія гурткі,– Беларуская сацыялістычная грамада і газета «Наша ніва», дзе групавалася наша інтэлігенцыя – інтэлігенцыя як субстанцыя або тое, шо спалучае мазгі і сэрца народа. Колькі спрэчак было… Хісталіся, блукалі, рабілі пралікі. Дзіва! Стукаліся мы лоб аб лоб, як шо псіхалагічна былі прывязаныя хто да расейскага, хто да польскага боку. Вельмі баяліся выпрастаць спіну. Самастойнасці баяліся. От шо было! А ведаеш, пачынаючы з 1906 года, колькі разоў я спрабаваў стварыць беларускую дэмакратычную партыю? Тады яе краёвай называлі… Сацыялісты стаялі ўбаку. І кожны раз кіраўніцтва ёю перахоплівалі палякі. Нашай мэтай, пане-браце, якраз і было ўваскрэснуць, вылепіць сапраўды народную незалежную дзяржаву, якой нас даўно пазбавілі. Па семнаццатым годзе і зляпілі. Паадчынялі шмат беларускіх школ, знайшлі сродкі, каб адкрыць свой нацыянальны універсітэт. Мур заклалі чын- чынам. Энтузіязм чуўся ў працы. І тады ўжо не немцы, а бальшавікі абрынуліся на нас, безабаронных, мятых, змучаных вайной. Шкада… Шкада, браце мой, без дзяржавы мы нішто. Дзяржава абараняе нацыю, клапоціцца аб развіцці яе адмысловай культуры, усяго, што ёсць людскага. А бальшавікі,– пан уздыхнуў,– бальшавікі – за аб’яднанне пралетарыяў у статак. Без дзяржаўных межаў. Без пракаветнага, культурнага, самавітага, узвышанага, што робіць з людзей народ.

      Ён зрабіў паўзу, перш чым перайсці да наступнага моманту ў сваіх дэфініцыях. Барыс уважліва слухаў.

      – Мы ж не Фінляндыя, шо недзе з краю Расеі, збоку прыпёку. А Фінляндыя вырвала незалежнасць! Мы ў самым цэнтры матухны Еўропы, у зручным для ліхадзеяў месцы, таму і інтарэс у расейцаў да нас воўчы. Таму і ездзяць па нашай хрыбеціне, шо жалю варта. Але ж у семнаццатым годзе мы паймелі гонар, заварушыліся. На нашым баку быў закон, была справядлівасць, якой вымагала гісторыя. Нас неўзабаве прызналі дзяржавы. Адно, братка, не выстарчыла сілы, каб абараніцца ад варвараў гэтага паноўленага веку. Не склалася. А цяпер, пане, ці можаш ты мне сказаць, шо ў той нашай палітычна і культурна самавітай рэспубліцы селяніну жылося б горш, чым жыве ён за Саветамі? Не думаў пра гэта?..

      – Не, светлы пане, вашы думкі для мяне зусім новыя. Шчыра кажучы, я з іншых.

      Скірмунт уважліва паглядзеў на яго:

      – Ты камуніст?

      Барыса кінула ў жар, чырвань выступіла на твары.

      – Віншую! Не чакаў, аднак, шо і ты з імі. Э-ей… Камунізм – не шо іншае, як псіхічная містэрыя. Яна запаланіла Расею, і не толькі Расею. Бальшавікі нацкавалі рабочы клас на буржуяў, а потым і на палітычную апазіцыю – так званых белых. Вайну супраць спрадвечнага ўкладу жыцця і духу народа назвалі рэвалюцыяй. А які ж буржуй з заможнага селяніна ці святара? Іх таксама амаль знішчылі. Вось я буржуй. Па ўсіх канонах! Так… Але ж ці ведаеш ты, шо мой дзед, перш чым стаць капіталістам, доўга вучыўся ў Еўропе, набыў тое, шо завецца еўрапейскай культурай, набыў веды інжынера, тэхнолага. СКАЧАТЬ