Название: Лявон Бушмар
Автор: Кузьма Чорны
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Литература 20 века
Серия: Бібліятэка школьніка
isbn: 978-985-02-0915-3
isbn:
Па вуліцы хадзіла колькі жаўнераў. З сваімі польскімі няспрытнымі жартамі яны зазіралі ў вокны, дзе былі дзяўчаты. Бушмар пайшоў на прыгуменне i сеў на бярвеннях. Быў ён тут нядоўга. Забразгалі дзверы, i дзве постаці пайшлі паволі на вуліцу. Бушмар краўся следам. Ён чуў, як паляк дробна сыпаў кавалерскімі жартамі, а Аміля, як шамкамі, звінела вясёлым смехам i пробавала адказваць нешта, падрабляючыся пад польскую мову:
– Цепер позна…
– Панна муві «цепер» – хо-хо!
Паляк сам рагатаў i ўсё трымаў за руку Амілю. Бушмар следам за імі выйшаў за апошнюю хату. У галаве яго стукала кроў, ён трымаў у зубах губу i краўся ззаду. Стараўся даслухаць гаворкі. Тут яму зноў прыйшлося прыпыніцца i стаць пад дрэвам, паляк доўга трымаў Амілю, пасля павёў назад у вуліцу. Яна ўсё смяялася, весела i гулліва. Бушмар iрваўся падбегчы да іх. Нарэшце яна зноў пайшла з ім з вуліцы. Так Бушмар прастаяў доўга. I што больш за ўсё страсянула яго, гэта Амілін смех, такі бесклапотны, шчыры, вясёлы. I гэтакі ж знаёмы яму.
Бушмар цярпеў i дачакаўся канца. Было з палавіна ночы, калі ён убачыў паляка аднаго. Той ішоў дарогаю, мінаючы ўбаку лес. Бушмар паўз лес абабег кругам i пайшоў насустрач.
– Хто? – гукнуў паручнік.
– Чалавек! – гукнуў у адказ Бушмар, падняў угару рукі i стаў так на дарозе.
Паручнік падышоў, трымаючыся за рэвальвер.
– Сконт?!
Бушмар як стаяў, кінуўся наперад i грунуў кулакамі паручніку ў грудзі. Той адно звіўся Бушмару пад ногі i духу не ўказаў.
Можа б, i не лішне ўзялі б на падазронасць Бушмара, каб ён праз дзён два недзе не знік з дому. Назаўтра пасля забойства паручніка знайшлі пасярод дарогі, i следства пачало трэсці кожную хату. Былі i ў Бушмара, але нічога не даводзіла яго вінаватасці, хiба толькі што сляды на снезе зварочвалі з дарогі на яго хутар. Але ж слядоў было шмат, i ці мала куды i чаго ходзяць людзі напрамік, каб карацей было? Аднак жа ён доўга не сядзеў дома. Калі на трэці дзень з'явіліся, каб забраць яго, у хаце знайшлі адну маці. Яна енчыла i стагнала, што Лявон паехаў да стрэчнага брата i вернецца дзён праз чатыры, бо брат жыве далёка, вёрст за трыццаць, «таксама на арэндзе ў найяснейшага князя». Яе перацягнулі колькі раз нагайкаю i дапыталіся, дзе жыве той Лявонаў брат. Арыштаваная Аміля расказала ўсё, як гадзін за тры да развітання з польскім афiцэрам яна бачылася з Бушмарам, а пасля «бавілася ў хаце i на вуліцы з панам паручнікам». Праз месяцаў два яе выпусцілі, а Бушмара i ў брата не знайшлі – счуўшы бяду, ён там застаўся прыхоўвацца.
Так справа дацягнулася да польскага адыходу, тады ён i вярнуўся. На адыходзе палякі хутар яго паскублі, дый так маці пачала рашаць гаспадарку, бо не было сілы ўпраўляцца адной.
Нiкому Бушмар ні ў чым не прызнаўся, нават самой Амілі, якая пасля прыйшла была сама да яго бледная i трывожная. За ласкавы i нявольніцкі зірк яе вачэй ён тады ж адвярнуўся ад яе.
– Не СКАЧАТЬ