Название: Лявон Бушмар
Автор: Кузьма Чорны
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Литература 20 века
Серия: Бібліятэка школьніка
isbn: 978-985-02-0915-3
isbn:
II
На ціхім небе стылі зоры. Вiльгаць iшла з лясоў i туманамі асядала на голую зямлю, перад світаннем маўчала поле; злазячы ў рэчку, бялелі на чорнай зямлі лапіны апошняга снегу.
Над самай рэчкаю, на ўзгоркаватым яе беразе, высока над змрочнымі паплавамі, узнімалася няроўная сцяна лесу. Дарога ў лес iшла праз рэчку, цераз мост, з поля i паплавоў. На дарозе ў лесе было чорна i ціха. Таму пад нагамі ў чалавека звонка i мокра трашчала леташняе лісце. Чалавек ішоў паволі, нёс за плячыма клунак. Часамі ён прыпыняўся, дзе дрэвы разыходзіліся ад дарогі i над палянкай ніжэй звісала зорнае неба. Чалавек як бы прыглядаўся ці прыслухоўваўся да чаго. Стаяў так хвіліны са тры i зноў ішоў далей. Ступаў ён моцна, але хада яго была лёгкаю, хоць i ўтомленаю, так, як ходзіць чалавек па роднай зямлі. Дарога доўга iшла лесам, перакідалася праз кавалкі поля, праз нізкія ядлаўцовыя лагчыны.
Ужо світаць пачало, як чалавек прыпыніўся каля густой няроўнай агароджы. Застукаў брамкаю i пхнуў яе каленам. Забрахаў сабака, заядла захроп, кінуўся пад чалавека, заскроб кіпцямі па вільготным крысе салдацкага шыняля.
– Галас, Галас, – загукаў чалавек.
Сабака адбегся i брахаў, пачаўшы павільваць хвастом.
– Галас! Не пазнаў? Ах ты дурны!..
Сабака радасна завішчаў, падбег, абняў гаспадара пярэднімі лапамі, лізнуў у твар. Чалавек усё стаяў, аж пакуль не прайшло сабачае захапленне. Тады ўзышоў на ганак, спусціў з плеч клунак. У сенцах ужо стукалі хатнія дзверы – сабака кагосьці пабудзіў сваім брэхам.
– Хто?
Голас з сянец чуваць быў малады, жаночы, прывабны, хрыплаваты ад сну. Чалавек на ганку ад гэтага голасу падняў галаву i падаўся крыху назад.
– Хто? – зноў запытала жанчына.
– Гаспадар.
– Які гаспадар?
I, здагадаўшыся, загаласіла:
– А Божачка ж мой, Лявон!
Яна з грукатам адкінула ад дзвярэй завалу, i Лявон Бушмар пачуў знаёмы пах сяней. У кухні жанчына запаліла газоўку, i тут Бушмар ацапянеў, глянуўшы на жанчыну. Яна таксама не зусім, мусіць, вольна пачувала сябе: стаяла ля печы маўкліва, спусціла ўніз рукі i не гаварыла больш ні слова. Твар яе густа ружавеў.
– Ты… тут?.. – запытаўся Бушмар.
– Служу… Як напісаў тады адразу быў, каб хоць каго маці ўзяла рабіць… Дык я нанялася…
– Нанялася?
Жанчына маўчала. Глыбокае непаразуменне прайшло па Бушмаравым твары.
– А маці дзе?
– Маці хворая… Не ўстае… Другі ўжо тыдзень.
Бушмар адчыніў дзверы ў чыстую хату. Жанчына запаліла лямпу. Маці прачнулася, пачала ад радасці плакаць, гаварыць i стагнаць.
Маладая жанчына колькі разоў выходзіла i ўваходзіла – пачыналася дзённая гаспадарская таўкатня. Бушмар не захацеў адпачываць, пасядзеў каля маці, пераапрануўся ў сваю цывільную адзежу i адразу пайшоў на сялібу. Сабака весела гайсаў следам за ім. Бушмар агледзеў непапраўленую агароджу, СКАЧАТЬ