Помнік літары «Ў». Вінцэсь Мудроў
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Помнік літары «Ў» - Вінцэсь Мудроў страница 15

СКАЧАТЬ мне вокам, пазіраючы, як я, ужо ў сне, танцую з Данай вальс дружбы.

      Лох

      І

      Сярод сну пачуў – нехта крануўся рукі, – і абудзіўся.

      Мурзатае цыганё (ці то хлопец, ці то дзяўчынка) стаяла поруч, грызла кукурузны кіях, дапытліва глядзела неміргаючымі вачанятамі. Ён абцягнуў швэдар, паспрабаваў пасміхнуцца.

      – Поўны вакзал качэўнікаў, – прамовілі за спінай; маці мурзы штосьці крыкнула па-свойму, і цыганё – відаць, усё ж такі дзяўчынка – пабегла між людскіх ног, махаючы кукурузным абглодкам.

      Вакзальнае святло цвяліла павекі, нудзіла сэрца. Вушы нібыта заклала ватаю, і галасы навакольныя гучалі няўцямна, усё адно як са студні.

      – Ну дык слухай, што скажу… Паткнуўся ён да мяне, а ад яго… і табачышчам… і вінішчам… і гаўнішчам…

      Дзве кабеты сядзелі на суседняй лаўцы і, зладзеявата пазіраючы на бокі, распавядалі адна адной пра свае любошчы.

      – Ну а ты што? – пыталася таўстуха ў фальбоністай сукенцы.

      – А што я… адпіхнула ды за дзверы вылецела. Нават сумачку не паспела ўзяць, – адказала сяброўка і тужліва ўздыхнула. На сяброўцы была сукенка такога ж крою: белая, у зялёны гарошак.

      Спаў ён нядоўга, можа, нейкіх дзесяць хвілін, але галава стала тлумнаю, і навакольныя галасы балючымі колькамі адбіваліся ў скронях. Пульсуючы боль выпетраў з галавы ўсялякія думкі. Лёгкі халадок крануўся гіпофіза, казытнуў гіпаталамус, зварухнуў наструненыя нейроны. Стваралася ўражанне, што пазбаўленая думак галава завісла ў паветры і ўжо гатовая, як той балонік, узняцца ўгору. Ён нават зірнуў на столь, спрабуючы ўгледзець яе ля цьмяных свяцільняў, а потым, схамянуўшыся, стаў сілком поўніць голаў дакучлівымі, сто разоў абсмактанымі думкамі.

      «Куды я еду? – пытаўся ён сам у сябе. І тут жа адказваў: – У горад Дзедаўск Маскоўскай вобласці». «А чаго я туды пруся? – пытанне і адказ размежавала ладная паўза: – Каб забраць дваццаць тысяч даляраў». Згадаўшы ў думках даляры, скасіў вока на таўстуху і заклапочана пачухаў падбароддзе.

      Пазаўчора ён ізноў насмактаўся брыды. Паўгода не паліў, а тут, як з’явіліся грошы, збегаў на «штуршок» – мясцовы базар, ды прыхапіў у знаёмага айзера пяток «беламорын». Замест тытуню ў папяросіны была напханая каляная трава. Брыда была моцнай: з кожнай зацяжкай галава рабілася ўсё больш лёгкай, а пасля дзясятай зацяжкі ўзнялася ў паветра і з гідлівай усмешкай на вуснах завісла над таршэрам. Два дні мінула, а народжаная з шызага дыму відма і дагэтуль даймала свядомасць, і ён раз-пораз пацепваўся ды паглядаў на столь: а раптам і тут, пасярод вакзальнай пачакальні, залунае ягоны ўскудлачаны кумпал?

      – Марымоніха, сучка гэтая, спрабавала Толіку ў штаны залезці, – прамовіла таўстуха, няўлоўным рухам прыгладзіўшы фальбоны: – Мінулай суботы ў горад ездзіла, дык, казалі, завіўку зрабіла і ласіны купіла. Цяпер ужо будзе… тоўстым задам трэсці.

      – Аго-ой… СКАЧАТЬ