Помнік літары «Ў». Вінцэсь Мудроў
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Помнік літары «Ў» - Вінцэсь Мудроў страница 12

СКАЧАТЬ потым шморгнуў носам, і дзядзька Коля, зразумеўшы, што тузануў задужа моцна, ускінуў на плечы баянныя рамяні.

      – Ну, што там табе сыграць?

      – «Раз… (усхліп) мы шли… (усхліп) по Уругваю», – пакрыўджана выдыхае Мішка.

      – Не, «Уругвай» больш граць не буду, а то мяне з-за тых песень таксама з летніка папруць. Як таго Ваську Чыжыка.

      Дзядзька Коля керхае і, адкінуўшыся крыху назад, спявае: «Давным-давно на дальнем севере человек сидел на дереве, а под ним толпа голодная мослами била в барабан. Посиневшие от холода, зубами ляская от голода, под барабанный бой и дикий свист, они танцуют твист…»

      Дзядзька Коля яшчэ ніколі так шырока не расцягваў мяхі, у яго ніколі так не бліскалі вочы, і ніколі дагэтуль не спяваў ён з такім натхненнем. Я на момант забыўся пра ўсё на свеце, і ў апошнім куплеце далучыў свой голас да імпэтнай песні: «Ну укуси меня за талию, ну укуси меня за грудь!» І падалося, што я кусаю за талію Дану, і сэрца маё гатова было вырвацца з грудзіны і ляцець за небакрай.

      Мяне абудзілі непрыемныя, натужліва-адрывістыя зыкі. Ну вядома, гэта салагі з трэцяга атрада апанавалі лаву пад вакном і вучацца трубіць на горне. Я задаволена пацягваюся у ложку. За ўвесь час, што знаходжуся ў летніку, упершыню заснуў па абедзе. Час гэты называецца «ціхай гадзінай», і мы мусім калі ўжо не спаць, дык прынамсі ляжаць у ложках.

      «Ціхая гадзіна», падобна, даўно скончылася, бо Лёшкі і Здзіслава няма ў пакоі і іх ложкі шчыгульна запраўленыя. Поруч варушыцца Мішка Касач. Мішку таксама абудзілі гарністы. Ён здушана крэкае, падымаецца на ногі, ідзе да адчыненага вакна.

      – Харэ пярдзець! – крычыць Мішка, і надрыўныя зыкі аціхаюць.

      Сябар плюхаецца на ложак, мы разам пазяхаем, і ў гэты момант у пакой залятае Нінка Беглік.

      – Чаго ляжым? Ужо ўсе на месцы, вас чакаем…

      – «Отвалите скоре-ей, почтальон у двере-ей…» – жартам спявае сябар, і Нінка з грукатам зачыняе дзверы.

      Пасля «ціхай гадзіны» мы звычайна рыхтуемся да агляду строю і страявой песні. Ідзем на пустку за школай, ходзім шыхтом па коле, і ў адказ на Нінчын вокліч: «Наш дэвіз!» – бязладным хорам адказваем: «Сам памірай, а таварышу дапамагай!» Потым яшчэ, ужо зусім бязладна, спяваем «нашу» песню, ад якой я запомніў толькі першы радок: «Мы – пионеры советской страны, нас – миллионы!» Вось калі б дзядзька Коля збацаў пра чалавека, які сядзіць на дрэве і вакол якога стаіць галодны натоўп, – тут бы мы заспявалі на ўсе застаўкі.

      Дзвярныя завесы гучна рыпаюць, і ў пройме паўстае ўскудлачаная Кірпа.

      – Вам што, індывідуальнае запрашэнне трэба? Зараз жа прыбірайце ложкі і выходзьце на шыхтаванне!

      – А мы ў ложках будзем рэпеціраваць, – азываецца Мішка і, махаючы ў паветры нагамі – нібыта ён ідзе, – галёкае: «Мы идё-ом за дружиной дружина, мы идём за отрядом отряд!»

      Я гляджу на Мішкавы жылаватыя лыткі, таксама дрыгаю нагамі ў паветры і чую дакорлівы голас Даны, ад якога ў мяне халаднее сэрца СКАЧАТЬ