Помнік літары «Ў». Вінцэсь Мудроў
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Помнік літары «Ў» - Вінцэсь Мудроў страница 17

СКАЧАТЬ Масквы, не болей»). У Дзедаўску, на вуліцы Маршала Епішава («Гэта непадалёку ад керамічнага завода»), ён мусіў знайсці нейкага Руслана, узяць у яго пачак з дваццаццю тысячамі даляраў і гнаць дахаты.

      «Бакі трымай пры сабе», – паведаміў Лёха на развітанне, а яшчэ параіў не піць у дарозе гарэлкі і ні з кім не знаёміцца.

      Ён слухаў Лёху з усмешкай на вуснах, маўляў, каго вучыш, – ды ў словах Лёхавых гучала трывога, якая панурым ценем падступіла да сэрца. Дый дзіва што! Дагэтуль і тысячы бакаў не трымаў у руках, а тут адразу такія грошы… А як перахопяць па дарозе, ці мянты абшукаюць? Тлумач тады – дзе ўзяў ды куды вязеш…

      Ён цэлы дзень блукаў, ачмурэлы, мадэлюючы ў свядомасці розныя жахі, якія могуць напаткаць у дарозе, але напярэдадні ад’езду дзіўным чынам супакоіўся і памяць ягоная ўлягла ў шчымлівыя ўспаміны. Ён нават забыўся – куды едзе і навошта, ды вось убіўся ў прыцемны вагон, убачыў нечыя жоўтыя пяткі, што вытыркаліся з-пад коўдры, і халодны кокан трывогі ізноў спавіў трапяткое сэрца. А можа і ён будзе вось так ляжаць, свецячы ў паўзмроку голымі пяткамі, і ліпучая, нябачная для суседзяў кроў будзе сцякаць з перарэзанага горла?!

      Ён знайшоў сваё месца, плюхнуўся на лаўку, працяжна ўздыхнуў. Суседзямі па купэ былі тыя самыя кабеты, што сядзелі з ім у пачакальні.

      – Да Масквы? – спыталіся кабеты, ён моўчкі кіўнуў, гэтак жа моўчкі сцягнуў долу скручаныя ў трубку матрацы, і потым, лежачы на верхняй паліцы, да самага Смаленску слухаў бязладную балбатню: пра Марымоніху, што набыла сабе новыя ласіны й спрабавала абкруціць чужога мужа; пра тое, што ў Хадорыхі выдалілі кісту і ўзялі тры тысячы за аперацыю; пра тое, што даўганосік летась з’еў зімовы часнык, што Люда Халімонава б’е свайго п’янтоса кухоннай качалкай, а медсёстры з паліклінікі здаюць слоікі з-пад мачы ў прыёмны пункт і маюць з таго кучу грошай. Пасля Смаленска суседкі суняліся, разам захраплі – адна цягутка, натужліва, другая залівіста, з прысвістам; потым храпенне аціхла і ўжо нічога ў свеце не перашкаджала вагонным колам мерна грукаць, парывіста ляскатаць на стрэлках і нараджаць у галаве думкі-летуценні.

      «Першае, што зраблю, перашлю Юрку ноты. Мамант добры аранжыроўшчык. Зляпае музон – толькі трымайся. Занясе ў Галівуд, ці яшчэ куды… Можа, і мне перападзе капейка…» – цягнік тузанула, наперадзе, басавіта й журботна, загуў цеплавоз, і вочы міжволі заплюшчыліся. Цеплавоз загуў яшчэ раз, і з шэрага бяздоння, як з туману, выплыла дашчаная веранда і самотная постаць Юркі Мамантава. Сябрук стаяў пасярод веранды, перабіраў пальцамі клавішы іонікі. «Юра, ты вярнуўся? А як жа Амерыка?» – крыкнуў ён сябру і не пачуў уласнага голасу. Мамант нават не ўзняў галавы, толькі пасміхнуўся аднымі вуснамі, паволі растаяў у смузе, і адтуль, з туманнай бяздонніцы, даляцелі чужыя галасы, мерны грук і здушаныя крыкі. На кароткае імгненне ён прачнуўся і не зразумеў, дзе знаходзіцца.

      – Каму трэба – ідзіце ў прыбіральню! – крыкнулі ў другім канцы вагона: – Зачыняем… санітарная зона! – Якая зона? Вязьму толькі праехалі! – азваліся непадалёку.

      Ізноў СКАЧАТЬ