Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік). Коллектив авторов
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік) - Коллектив авторов страница 17

СКАЧАТЬ смяецца:

      – А ты ім адкажы: якая ж я адзінокая? Вунь, у мяне каханкаў як багата!

      Вяртаюся ўранку дахаты ды працягваю чакаць, чакаць, чакаць…

      Улучаючы тэлевізар дзеля прагляду апошніх навінаў, чакаю глабальных пераменаў. Чакаю, калі ж да нас прыляцяць госці з іншых планетаў. Вось тады адразу ўсё пераменіцца! Нецярпліва чакаю свайго ўласнага палёту хаця б на які-небудзь суседні Марс…

      Штоночы напружана чакаю натхнення: а раптам не з’явіцца ўжо ніколі? Чакаю натхнення, бо толькі яно надае маёй жыццёвай валтузні нейкі сэнс. Бо толькі мая крывабокая творчасць вызначае пэўны кошт, а можа нават і каштоўнасць працэсаў маёй нервовай сістэмы. Ці, можа, гэта чарговы самападман: цалкам верагодна. Які кошт, якую каштоўнасць мае выдыхнутае чалавекам паветра? Творчасць – усяго толькі прадукт, адкіды функцыянавання няіснага органа – душы. Тым не менш занураюся ў гэтую «творчасць» з галавою, і, хоць лічу, што ўцякаю ад людзей, нясцерпна хочацца стварыць нешта маштабнае, глабальнае, эпахальнае… Напісаць нейкія «Зялёныя соплі» або «Ружовую сліну» – каб пабачыць, як калоціцца скандалізаванае грамадства… Нестае натхнення, бракуе таленту. Адны толькі ідэі, якія ніяк не хочуць прымаць прыстойнае формы.

      Вельмі хацелася не так даўно напісаць нешта кшталту філасафічнае казкі – цэлага рамана з процьмаю герояў – кожны са сваім характарам, ды складаным сюжэтам. Нібыта пэўная колькасць чалавек (пятнаццаці мне было б досыць) – а ў якасці прататыпаў узяла б сваю былую кампанію – вырашыла вырачыся сучасных рэаліяў ды ператварылася ў казачных персанажаў. І вось яны набылі вялізны стары дом… не, лепей замак. Ну так, набылі старажытны гатычны замак на выспе, і вада блізка-блізка падступала б да замкавых муроў.

      І вось яны пераправіліся ў Замак ды пачалі там жыць без усялякай сувязі з іншым светам. І кожны гуляў адведзеную ролю, выконваў сваю функцыю, развіваў уласную сюжэтную лінію.

      Быў там Харон – жахліва прыгожы высокі хлопчык, які ў шапцы-вушанцы, ватоўцы ды валёнках плаваў увесь час у чоўне вакол Замка, кіруючы човен даўжэзным бусаком. І ён нібыта мусіў перавозіць жыхароў Замка ў Вялікі Свет ды сачыць, каб не ўзнікла небяспека звонку. Але насамрэч ён плавае ў чоўне, таму што мае невыносны характар, заўжды змрочны выраз твару ды сцвярджае, што яго раздражняюць насельнікі Замка. Раз-пораз ён, пад сховам ночы, прабіраецца ў Замак ды спусташае замкавыя сутарэнні, цягаючы французскія віны васемнаццатага стагоддзя ды выпіваючы іх у чоўне з рыльца.

      Таксама ў Замку жыве Трыстана – валадарка Невядомага Каралеўства. У яе доўгія залатыя валасы, і ўвасабляе яна Нешчаслівае Каханне. Яна па чарзе кахае ўсіх выяўленых на старажытных партрэтах каралёў, князёў ды прынцаў, ды вельмі пакутуе праз тое, што яны не адказваюць ёй узаемнасцю. На Трыстану не ўплываюць ніякія перакананні іншых жыхароў Замка, што гэтыя людзі даўно памерлі, што гэты, напрыклад, быў тыранам і па чарзе забіў дваццаць пяць сваіх жонак, а той увогуле быў дурнаваты, дарма што прыгожы, і так СКАЧАТЬ