Название: Дзень Святого Патрыка
Автор: Ганна Севярынец
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-7097-57-9
isbn:
Не, лаяцца ніхто не будзе. І натацый чытаць ніхто не стане. Наогул невядома, што будзе, бо мы ніводнага разу не дазвалялі сабе такога свавольства, хаця па гарадской звычцы і не адразу ўспаміналі, што вітацца патрэбна з кожным, кожным, кожным, хто ідзе насустрач, побач, наводдаль, сядзіць на лавачцы, едзе на лісапедзе ці трусіць на кані. Бывала, што і ў спіну якой бабульцы ці дзядку крычалі: «Здрастуйця!» – знарок з бабуліным акцэнтам, на ўнорыцкай трасянцы, каб чулі, што мы свае, проста яшчэ дрэнна арыентуемся.
Таму і буську трэба вітаць, кожнага, бо ўсе яны свае, унорыцкія.
Першая сям’я жыве на слупе на пачатку вёскі. Так, Унорыца пачынаецца не крыжом, а слупом, і на ім кола, а на коле – буслянка, а ў ёй буслы. Колькі сябе памятаю, столькі там – буслянка і буслы. Між іншым, заўсёды чамусьці зразумела, хто з іх тата, хто з іх мама, а хто бусляняты. Вязуць цябе такога, яшчэ па-гарадскому чысценькага і адпрасаванага, яшчэ з выбухным «г», яшчэ «маянэз» «манаэзам» называць не пачаў, у дзядзькавых «Жыгулях», трынаццаць кіламетраў ад Рэчыцы па старой светлагорскай трасе, а ты ўжо і гутарку падтрымліваць не можаш, бо глядзіш з трывогай: ну вось, за гэтай вярбой ужо будзе бачна, не, не за гэтай, за той, во-во-во, сядзяць! Сёлета тры! Тры бусляняткі! Бусел, бусел, кінь калоду на харошую пагоду! І вам здрастуйця!
Другая сям’я жыве на воданапорнай вежы. Гэта ля фермы, па дарозе ў лес. Калі ўжо крыху абаб’ешся на дняпроўскім беражку, растрасешся, калі рухі набудуць вясковую распаволенасць і спрыт, бярэш у рукі вядзерца – і па грыбы. Ля вежы спынішся – «Бусел, бусел, кінь калоду!» – і пайшоў. Гняздо тут высока, і буслянятак ніколі не бачна – колькі іх там, але ж гэта не важна, бо надвор’е яны даюць незалежна ад колькасці. Можна ісці смела – дождж не заспее.
Буські сваё адпрацоўвалі на ўсе сто. Ніколі ва Унорыцы дрэннага надвор’я не было. Калі раптам сярод вясны зіма – тулішся да гарачай печы і чакаеш абавязковых у такім выпадку тоўстых бабуліных бліноў. Калі адліга, дык класна: са страхі капяжы, на двары лужыны, у лужынах ледзяшы. Калі лета – дык на ўсю катушку лета. А калі дождж – дык таксама цудоўна: сядзіш на канапе, чытаеш сто трыццаты раз адзіную кніжку ў бабуліным доме, нейкі дэтэктыў без вокладкі, і трэба ж такое – падабаецца кніжка. І сто трыццаць разоў таму падабалася. У горадзе б у рукі не браў, а тут – эх!..
А назаўтра – кароў пасвіць. Мая любімая вясковая праца. Пастуха вёска не трымала, пасвілі кароў усе двары па чарзе, і бабуля заўсёды «мянялася» з суседзямі, каб нашы чэргі прыпадалі на мае канікулы. Тры, чатыры, пяць разоў, і за цётку Маню два. Каб не горад, была б я пастухом, і, як у кожнага пастуха, які сябе паважае, была б у мяне ў торбачцы кніжка, і сшытачак, і аловачак, і рабіла б я тое самае, што і так па жыцці раблю.
Пастуху выдаецца пуга – драўляная, адпаліраваная пастуховымі рукамі палка, і на ёй доўгі гумавы шнур, а на тым шнуры – вузельчык, і толькі той добры пастух, хто ўмее прагнаць пугай хвалю і напрыканцы шчоўкнуць СКАЧАТЬ