Название: Дзень Святого Патрыка
Автор: Ганна Севярынец
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-7097-57-9
isbn:
У таго, хто ўмела марыць, мары здзяйсняюцца, і зараз я жыву побач з чыгункай. Кожны, хто ляціць у хуткім цягніку з Мінска ў Маскву, кожны, хто цягнецца пасажырскім з Баранавіч у Віцебск, абавязкова праязджае пад маімі вокнамі. Калі я развешваю на балконе белыя прасціны ці чырвоныя сукенкі, кожны з цікаўных падарожнікаў можа пабачыць асартымент маіх адзежных шафаў. Калі тата едзе з Віцебска ў Мінск хуткім, ён абавязкова тэлефануе мне акурат ля майго дома і жартуе ў слухаўку чэхаўскім: «Проезжая мимо станции, у меня слетела шляпа». Пакуль мы абодва смяёмся, ягоны цягнік набліжаецца ўжо да Калодзішчаў.
Я стаю на сваім балконе і гляджу на чыгунку – з пятага паверха далёка відаць. Я бачу, як узнікае з мінскага небыцця сіненькі шнурок электрычкі, бачу, як паўзе праз зялёныя палі чорны вужака таварняку, бачу, як знікае ў жодзінскім напрамку імклівы хуткі. «Брысь!» – коратка пасвіствае ля станцыі вясёлая электрычка. «Імчу-у-у-у!» – папярэджвае шэра-сіні, надта ж дзелавы штадлер. «Сыхо-о-о-о-одзь!» – басам патрабуе нетаропкі грузавы, перад якім перабягаюць рэйкі бязбоязныя месцічы. Ён цягне даўгое цела праз станцыю, ля яго наглуха зачыненых вагонаў уецца мяцеліца, уздымаецца невялічкі снегавы тарнада, і людзі на пероне адварочваюцца, каб не пакалола завеяй твар. Белай фарбай пазначаны на вагонах станцыі прыпіскі, і гэта так далёка, за тысячамі снежных кіламетраў, у такім лютым холадзе…
Заскокваю ў вагон – гэты цягнік на маёй станцыі стаіць толькі хвіліну, незадаволена гудзе і торгаецца з месца. Да наступнай раніцы я буду па-за часам і па-за прасторай – лес, снег і жоўтыя агеньчыкі невядомых вёсак, у якіх нехта жыве, кахае і плача, і пакуль той, хто плача, супакоіцца, я буду ўжо далёка, ля іншай вёскі, і іншыя людзі будуць слухаць ціхі звон крышталю ў сваіх старэнькіх сервантах, абуджаных блізкім цягніком, і на галоўках калекцыйных парцалянавых лялечак, якія даюцца ў дадатак да каляровых часопісаў у мясцовым «Белсаюздруку», будуць калыхацца белыя каруначкі. У маім мабільніку скончыцца зарадка, і ніхто не купіць квіткоў у маё купэ, і я буду сядзець там адна, кожную хвіліну пераадольваючы кіламетры чужых прастораў і чужых часоў, і незаўважны пыл ад колішніх пажараў на лунінецкіх тарфяніках будзе класціся шэрым воблачкам на мае валасы.
5
Марына ніколі не магла пэўна сказаць, ці насамрэч яна кахала Міцяя, Дэна ці Сямёнава, не кажучы ўжо пра тых, з кім падзяляла дарослую адзіноту пасля, але яна ведала дакладна: Максіма Багдановіча – так.
Закахалася яна ў дзявятым класе, калі падчас рэспубліканскай алімпіяды ўсю іх абласную каманду павезлі ў сталічны музей Багдановіча. Канешне, яна ўжо ведала і «Слуцкіх ткачых», і «Вераніку», і «Трыялет», і нават «Пагоню», вершы ёй падабаліся, але каб чытаць СКАЧАТЬ