Название: Дзень Святого Патрыка
Автор: Ганна Севярынец
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-7097-57-9
isbn:
І Клаву Салтыкову, напэўна, адзіную, хто мог бы зацяжарыць ад Максіма і ажыццявіць ягоную мару, і нарадзіць прыгожаму хлопцу прыгожае дзіця, яна не любіла звычайнай жаночай нелюбоўю, якая заўсёды нараджаецца з рэўнасці.
Гэтая гераіня знакамітага «Інтымнага дзённіка» Максіма падавалася ёй (і, далібог, была!) такой прасцячкай і пустэчай, што нават крыўдна станавілася за паэта. Марына бачыла дакладна, нібыта сама гушкалася ў тых сумных гамаках на лецішчы ў Старым Крыме, дзе Максім і Клава лячылі сухоты: вось хударлявая, смуглявая, зухаватая Клава, зарана выдадзеная замуж за неблагога, па сутнасці, але нуднага чалавека, вось сарамяжлівы, відавочна няўмелы ў любошчах, але ж малады і прывабны Максім, вось лецішча, на якім павінна, ну абавязкова павінна здарыцца нейкая рамантычная авантура… Ёй – авантура, а яму?
Калісьці Дамейка ледзь не аблівалася слязьмі над гэтым «Інтымным дзённікам» – натхнёнымі, юнацкімі запісамі, у якіх узрушаны Максім фіксаваў Клавіну «авантуру»: і як яна рабіла выгляд, што не заўважае, і як, хаваючыся ад малодшай сястры, запрашала пагуляць вакол лецішча, і як сядала яму на калені, і як яны цалаваліся ў гамаку, і пра тое, як, здымаючы Клавіну сукенку, пераблытаў накірунак і паспрабаваў зняць праз ногі…
Забудется многое, Клава,
Но буду я помнить всегда,
Как в сердце шипела отрава
Любви, и тоски, и стыда…
Нехта пісаў, маўляў, Максім у гэтых радках нібыта выбачаецца перад мужам Клавы. Адчувае сорам… Марына была ўпэўненая: гэта яму за сукенку было сорамна. Ну ўявіце сабе: вы першы раз з жанчынай, і так жа хочацца падацца малайцом, а тут гэтая сукенка… І яна кажа: «Праз галаву паспрабуй».
Дарэчы, гэты славуты верш пра Клаву для Марыны быў найлепшым доказам Клавінай пустэльнасці, якую адчуваў і Максім – не мог не адчуваць. Першая страфа – прыгожа. Кранае. Складна нават. Не шэдэўр, канешне, але ж… І тут раптам – другая страфа…
Тебя в темно-синем платочке
И песню, что пела мне ты:
Прошли золотые денечки.
Осталися только мечты.
І гэтая Клава, і гэтая хустачка, і гэтая песня – такі шансонны дысананс побач з высокімі словамі першых радкоў! Так і бачыцца ніякае гэтае дзяўчо, якое балявала, як умела, на лецішчы ў Старым Крыме. Якая Клава – такія вершы.
Але ж можа быць, што Дамейка проста раўнавала.
О, як падабалася Марыне, што яна засталася адзінай гаспадыняй гэтай чароўнай літаратуры… І Багдановіча. Сама сабе літаратуразнаўца, сама сабе суддзя і вырак. Падабаецца ёй першая палова «Клавінага» верша? Так і запішам: шэдэўр. Не падабаецца другая? Спішам на Клаву. Усё так, як павінна быць. Канешне, Марына адчувала нейкі цень клопату, калі думала, што выпадковы ці невыпадковы чытач будзе бачыць беларускую літаратуру вачыма Дамейкі. Адказнасць. СКАЧАТЬ