Название: Горад мрой (зборнік)
Автор: Яніна Пінчук
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
Серия: Час Воблы
isbn: 978-985-7140-40-4
isbn:
І вось рука звыкла цягнецца да фотаапарата, ты хочаш адлюстраваць тое, што ўбачыла і адчула. Вось ужо шукаеш ракурс і пстрыкаеш, але… Атрымліваецца не тое. Хоць забі – не тое. Уздыхаеш. Выходзіць выява без уяўлення, невыразны эрзац, і вось зразумей, у чым прычына: у адсутнасці ў цябе майстэрства? Ці ў тым, што такую вуліцу ў прынцыпе немагчыма сфатаграфаваць з выгаднага ракурсу?
Як бы там ні было – усё гэта мне было добра вядома, я спазнала нямала такіх расчараванняў. І таму са свядомай бесклапотнасцю пакінула фотаапарат дома. Такое хараство можна насіць толькі ва ўспамінах.
Такім чынам, Сан-Марціна. Самым характэрным было сонца – горад быў літаральна напоены ім, струмені залатых карпускулаў пераліваліся праз краі лавак, рамы ровараў, каменныя сцены, бардзюры тратуараў і асабліва праз зазоры паміж пальцамі, афарбоўваючы не проста іх контуры, а запальваючы буяна-рубінавым святлом амаль усю далонь. Нават цень тут быў не такі, як у нас – не змрочны, а пяшчотны, млява-вабны, здаецца, нават іншага адцення.
Спякота не душыла – з мора ўвесь час дзьмуў свежы брыз, што даваў магчымасць не ладзіць сіесты і не чакаць цемры, каб выбрацца на шпацыр. Аднак і мясцовыя жыхары, і турысты ўсё адно не маглі выстаяць перад спакусамі фіялетавай аксаміцістай ночы, падобнай да пялёстка архідэі з мігатлівымі светлячкамі.
З’язджаць было, вядома, шкада. Аднак мяне зусім не мучыла меланхолія. Я знаходзілася ў дзіўна бесклапотным настроі, як чалавек, які ведае, што можа вярнуцца сюды ў хоць які момант.
Нават гэта маё падарожжа было вяртаннем – мы з Арынай ужо былі тут год назад, я ўзгадвала, што мы ўжо хадзілі на экскурсію ў палац чэшскага графа – ці то дыпламата, ці то мецэната, багацея, які аддаў перавагу цёплай краіне, а не роднай зямлі. Мы адправіліся сюды і зараз, але гэтым разам не для таго, каб глядзець па баках і блукаць па залах, слухаючы імёны і даты, якія ўсё адно не запомнім.
– Есці хочацца…
– І піць! У-ух, у мяне ногі гудуць…
– І ў мяне… Вось бы соку! Халодненькага, з запацелай шклянкі…
– Не псуй настрой, давай да нейкай забягалаўкі дойдзем…
– …сок з сіцылійскага апельсіна, чырвоны, яго яшчэ «крывавым апельсінам» называюць… – пачала зануднічаць я.
– Якія мы крыважэрныя ды бязлітасныя! Апельсін – толькі крывавы, толькі сіцылійскі! – падкалола мяне Арына.
– А то. А давай нікуды не пойдзем, збочым ды вернемся туды.
– У палац? Навошта? Ці ты маеш на ўвазе рэстаран?
– Але. А што, можам жа сабе дазволіць.
Арына запаволіла крок (мы перайшлі на зусім чарапашую хаду) і праз пару секунд вымавіла:
– А давай. Хопіць ужо фігнёй СКАЧАТЬ