Горад мрой (зборнік). Яніна Пінчук
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Горад мрой (зборнік) - Яніна Пінчук страница 9

СКАЧАТЬ вільгаць і туман. Хочацца сказаць «лонданскі» – але гэты эпітэт гучыць так рамантычна. А рамантыкі нідзе няма. Ёсць проста каламутная слотная сумесь са снегу, вады і бруду. І яшчэ анемічнае шэрае неба, што забівае веру ў само існаванне сонца.

      Але заставацца мне хацелася з іншай прычыны.

      Надвор’е не так ужо засмучала. Найчасцей супакою не даюць не аб’ектыўныя акалічнасці, а нашы ўласныя думкі.

      Падчас малітвы словы з’яўляліся самі, на паверхню мімаволі выходзіла ўсё самае патаемнае. Я верыла, што ўсё змагу. Увасобіць свае планы, не шкодзячы ні іншым, ні сабе, родных і сяброў не засмучаць, а натхняць, быць шчырай, але не раздражняць, пры дасягненні мэт не губляць сваю душу ў мітусні, ісці па жыцці, не загразаючы ўнезадаволенасці, злосці і маркоце.

      Іншымі словамі, я верыла, што здолею захаваць блізкасць да Бога. Усе мае думкі і імкненні можна было звесці да гэтай спрадвечнай кропкі. Да асновы асноў.

      Пры гэтым фармулёўка не здавалася мне напышлівай і надуманай. Можа, звонку часам так здаецца.

      Але гэта можна толькі прачуць. Знутры.

      Прыцемак. Залацістыя агеньчыкі свечак. Вітражы ў спічастых вокнах – ад іх немагчыма адарваць позірк. Не таму, што яны нейкія асаблівыя, мудрагелістыя, вычварныя – яны зачароўваюць глыбінёй колеру: ультрамарынавым, кармінавым, смарагдавым.

      Я проста сядзела на лаве. Людзей было няшмат – і я падзяляла з імі маўчанне. Усіх іх я бачыла першы раз у жыцці, але штосьці нас злучала нават у гэтай выпадковай сітуацыі – тое, што няможна апісаць.

      За сценамі касцёла зямля ўздрыгвае ад ходу трамваяў, паветра – ад гудкоў машын, там крычаць, спрачаюцца, пляткараць, лаюцца матам, спазняючыся, губляючы тэлефон, трапляючы малатком па пальцы, смажаць бульбу, мыюць падлогі, пляскаюць дзвярамі, стукаюць клавішамі, знемагаюць ад бюракратыі, ізноў пляткараць і спрачаюцца, клянуць сваю працу, грамадскі транспарт, крыўдзіцеляў, няшчасці.

      Але наогул – усяго гэтага не існуе.

      Гэта ўсё ілюзія, нешта штучнае – насамрэч ёсць толькі цішыня. І для мяне яна цяпер тут, у касцёле.

      Помню этналагічны артыкул пра паганскія вытокі блэкметалу з антытэзай «паганскага шуму» і «хрысціянскага маўчання».

      Асабіста я ніколі не змагу шмат чаго дамагчыся прыспешваннем, накручваннем, нервовай ашалеласцю, дыянісійскім афектам, старанарвежскім застрашэннем злых духаў шляхам прыпадабнення…

      Прабачце, але я злячу са шпулек. І гэта скончыцца самаразбурэннем.

      Мой Шлях – цішыня. Толькі ў ёй ваяр чэрпае раўнавагу і сілу. Мая крэпасць – храм.

      Але мне давядзецца выйсці адсюль – на слату і вецер, насустрач мітусні і бюракратыі. А значыць, мне застаецца толькі адно: насіць сваю цішыню і свой храм усярэдзіне.

      Таму што шуму, які наўкола, – не існуе.

      Я глыбока ўдыхнула лёгкае, цёплае паветра і заплюшчыла вочы. На сцяне нада мною вісеў гадзіннік. Апроч нечых з глыбокаю пашанай прыглушаных крокаў і рухаў чулася толькі яго нягучнае ціканне.

      І тут я зразумела: СКАЧАТЬ