Название: Паўночны вецер для спелых пладоў (зборнік)
Автор: Юры Станкевіч
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-7021-26-0
isbn:
– Так.
– Гэта адно. Па-другое, вы цяпер пойдзеце да майго намесніка Пушко, і там з вамі будуць размаўляць зусім пра іншую справу. І калі пацвердзіцца тое, пра што нам дакладвалі, то будзем ставіць пытанне сур’ёзна, усутыч да вашага выключэння. Там, за акном, – паказаў ён пальцам у шкло, – шмат усялякай работы. На любы густ. Цяпер ідзіце.
Другі намеснік дэкана Пушко быў не адзін. У крэсле збоку ад яго стала сядзела стараста курса, камсамольская актывістка Ксенія Уразава. У руках яна трымала разгорнуты сшытак. Як толькі студэнт Ігнат Мазур увайшоў у кабінет, яна імкліва падхапілася з крэсла і выслізнула за дзверы.
Нейкі час намеснік Пушко і студэнт Мазур моўчкі разглядвалі адзін другога. На дробным тварыку намесніка дэкана блукала ледзь прыкметная ўсмешка, якая павінна была выяўляць ветлівасць і спагаду, але Ігнат Мазур не меў на гэты кшталт аніякіх ілюзій. Ухілістыя няшчырыя вочы намесніка дэкана бегалі пад вузкім, збягаючым назад лобікам, над якім ваяўніча тырчэла грыўка густых сівых валасоў.
– А-а, вось і Мазур з’явіўся, – радасна сказаў ён і пацёр адна аб адну нечакана рукастыя далоні. – Я ж не памыліўся, так ці не?
Паўза.
– Дык вы прысядзьце, – з той жа робленай прыязнасцю дадаў ён у адказ на маўчанне студэнта.
– Мне дэкан загадаў, дык я і зайшоў, – адказаў урэшце Ігнат Мазур і сеў у крэсла, дзе раней сядзела Уразава. Яно яшчэ захоўвала цяпло. «Пэўна, доўга сядзела», – прамільгнула ў галаве ў студэнта Мазура.
– Вы, здаецца, перавяліся да нас з філфака? – пачаў здалёк намеснік Пушко, ён жа «Кум».
– Так, мне дазволілі.
– Скажыце, а вы ведалі такіх студэнтаў філфака: Хількевіча, Гаранава, Яроша? Сепаратыстаў, якія за незалежнасць ад Расіі выступілі? Яны нават свой будучы ўрад сфарміравалі. Нацыянальны, ха-ха.
– Гэта ў якім сэнсе: ведаў?
– Вы сябравалі, былі проста знаёмыя?
– Яны вучыліся курсам вышэй. Вядома, я чуў пра іх. Намеснік дэкана Пушко раптам сагнаў з твару лагодную ўсмешку.
– Хто і дзе вам даў на прачытку вайсковыя мемуары Францішака Кушаля? – нечакана спытаў ён.
Паўза.
– Ніхто нават не прапаноўваў.
– Так-так. А прамову Вацлава Іваноўскага з акупацыйнай «Беларускай газэты»? А кнігу – дакументальны нарыс Францішка Аляхновіча «У капцюрох ГПУ»?
Студэнт Ігнат Мазур паціснуў плячыма. Халадок прабег у яго па спіне. «Небяспека, – падумаў ён. – Дык вось, аказваецца, што яму інкрымінуюць. Гэты Пушко можа ўкусіць вельмі балюча. Але – адкуль? Чаму? Хто?»
– Не бачыў аніякіх прамоваў.
– Нам вядома іншае. Мінулым летам вы падрадзіліся працаваць у сябе ў родным сваім горадзе на рамонце былой уніяцкай царквы, памяшканне якой цяпер перадалі расейскім стараверам. СКАЧАТЬ