Название: Паўночны вецер для спелых пладоў (зборнік)
Автор: Юры Станкевіч
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-7021-26-0
isbn:
– Можна да вас? – насцярожана спытала з парога Аня Балтас і дадала:
– Прывет, Ігнат. Я да цябе.
– Канешне, заходзь! – шчыра абрадаваўся Ігнат Мазур. – Прысядзь во на мой ложак, а я зараз збяруся. Хоць – пачакай. Ты, Дзяніс, схадзіў бы павучыў навуку ў «чырвоным» пакоі, а з Байковым я зараз улагоджу, – звярнуўся ён да Маркіна.
– Пайду на гадзіну, не больш, – ахвотна згадзіўся Маркін.
– Ды толькі яго, – кіўнуў на Байкова, – паспрабуй угаварыць. Для пейзана паляжаць без справы – асалода.
– Міхась! – не марудзячы пасунуўся да аднакурсніка студэнт Ігнат Мазур. – Ты б пайшоў прагуляўся. Бачыш, да мяне госці.
– Га? – з ідыёцкім выглядам спытаў той, касавурачы вокам на дзяўчыну.
Аня Балтас усміхнулася, села на ложак.
– Дзякуй, што не выгналі. Не турбуйцеся, хлопцы, я на хвіліну. Пайшлі, Ігнат, у кавярні пасядзім. Тут побач. Я ўбачыла, ёсць такая. Не супраць?
Паўза.
– Слушна кажаш, – згадзіўся ўрэшце Ігнат Мазур. – Калі там ціха, чыста і мёдам намазана.
У кавярні сапраўды было на гэты час даволі ціха, яны замовілі бутэльку таннага белага сухога віна і марозіва для дзяўчыны.
– Паслухай, Ігнат, – пачала студэнтка Аня Балтас, – я зайшла не проста так, а каб вырашыць адно пытанне. Вядома, ты прабач, бо мяне не запрашаў. Справа ў тым, што ў цябе практыка, дыплом, дзяржэкзамены, ну, урэшце, вайсковыя зборы. А ў мяне таксама іспыты, практыка і неўзабаве размеркаванне на працу. Мы сталі рэдка бачыцца, але не з гэтай нагоды. Ты змяніўся, Ігнат, я адчуваю. І не ведаю, калі шчыра, што рабіць.
Паўза.
– Я сам не ведаю, – урэшце адказаў студэнт Ігнат Мазур даволі разгублена.
– У цябе з’явіўся новы інтарэс? Калі так – нічога не зробіш. Я табе ніколі не навязвалася, ты сам мяне калісьці знайшоў – такую, якой я была. Так, далёка не нявінніца. Дык я гэтага і не хавала. Каб сустрэла цябе раней, усё было б інакш. Спадзявалася, што ты не будзеш успамінаць мне пра тэлегонію ці яшчэ пра нешта інфернальнае. Мужчыны ў большасці вялікія раўніўцы.
– Пра тэлегонію – ад сястры пачула?
– Угадаў. Дарэчы, пайшла пад вянец нявінніцай. Яна – разумніца, не тое, што я.
– Спадзяюся, у яе, маю на ўвазе тваю сястру, усё будзе добра, – сказаў Ігнат Мазур, – але такая разліковасць у жанчыны нават здзіўляе. Усё ў яе запланавана: замуж – нявінніцай і – за багатага, жыць – у сталіцы…
– Я таксама хацела б жыць у вялікім горадзе. – сарамяжліва заўважыла студэнтка Аня Балтас. – Ніхто навокал цябе не ведае, ты – вольная, сама за сябе. А багацце? Ды чорт з ім! Мы абодва з небагатых сем’яў. Ты вадзіў мяне ў сталоўку, як у мяне скралі стыпендыю, я дапамагала табе, калі ты хварэў. Сястра хоча, каб я сустракалася з сябрам яе мужа – ён мінчук, яму трыццаць гадоў, не жанаты. Запрасілі мяне днямі на нейкую вечарыну.
– Мудрасці ў тваёй сястры аж зашкальвае, – нявесела ўсміхнуўся Ігнат Мазур.
СКАЧАТЬ