Название: Чужая бацькаўшчына
Автор: Вячаслаў Адамчык
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Книги для детей: прочее
Серия: Школьная бібліятэка
isbn: 978-985-02-1143-9
isbn:
– Ну i запыхкалi, – папярхнуўшыся дымам, Мiця падышоў да печы i адкрыў у комiне верхнiк.
– Вой, якi далiкатны. А мне дак хораша пахне, – азвалася дзеўка, у якой, мусiць, самлела рука – патрымай яе перад носам, скубучы кудзелю.
– I праўда, што ж гэта за папяросы? – нацягнуўшы падшыты валёнак i ўсё тупаючы нагою i гледзячы на яе, пракульгаў, бо другая была босая, да Iмполя стары Улас. – Дай жа я сапсую адну.
– Курэце, дзядзька, курэце, – Iмполь абмацаў кiшэнi, зноў шукаючы пачак папярос.
– Гэй, курцы, цi чулi, што было пад Пiнскам? – выйшаўшы на сярэдзiну хаты, спытаўся Мiця.
– Не, а што?
– Не выдумляй, – дзяўчаты нават перасталi прасцi, прыпыняючы за кола свае калаўроткi.
– А во паслухайце, – Мiця падступiўся, дастаў з-пад бэлькi скручаную ў трубку газету, разгарнуў яе, прыжмурыўшыся, пачаў чытаць: – «Нязвыклы выпадак здарыўся пад Пiнскам. Мяшканцы хутара Глуша Каленiк Талерка i Аўдоцця Мядзведзь вязлi хрысцiць дзiця. Удома кумоў так напаiлi, што толькi каля цэрквы яны агледзелiся, што згубiлi дзiця. За вярсты тры ад хутара яго знайшоў Дзямян Калета з Сваловiч. Яно ляжала жывое ды здаровае збоку дарогi. На трэцi дзень у Глушы нанава спраўлялi хрэсьбiны».
– Ах, лiха! Во, i не забiлася, – сказала некаторая з дзяўчат, зноў нацiскаючы нагою на понаж i слiнячы кудзелю.
– А што там пра Чэхаславацыю пiшацца? – Лiтавар адарваўся ад лавы, але не ўстаў, а толькi выцягнуў руку, просячы газету.
– Што? Восем гарадоў адышло да Венгрыi. Уся Падкарпацкая Русь.
Мiця адышоў да стала. Хлопцы абярнулiся, слухалi, што расказвае ён. Адно дзяўчат, мусiць, не абыходзiла гэтая палiтыка, яны сцiшана пралi, задумаўшыся пра нешта сваё: толькi каторая, бывае, няўзнак зыркала на Iмполя, у яе, сарваўшыся з рукi, падала i кацiлася пад лаву верацяно.
А кучаравая Сабiна, што аж з другога канца вёскi, паднялася з праснiцы i пачала абкручваць кругом шыi рог тоўстае хусткi.
– Ой, i нам пара, – падхапiлiся астатнiя дзеўкi, забiраючы з сабою праснiцы з вялiкiмi бародамi недапрадзенай кудзелi.
Цiшком адзiн за адным кiнулiся ў сенi хлопцы, каб злавiць якую ды падвесцi дадому. У сенях падняўся вiск, быў чуваць сыты рогат Бронiся Лiтавара.
Iмполь выходзiў апошнiм. З iм ужо, каб прысунуць дзверы, накiнуўшы на галаву вялiкую суконную хустку, выбегла Хрысця.
Хлопцы з дзеўкамi смяялiся на вулiцы. Але раптоўна гэты рогат сцiх. Немы чужы крык працяў вясёлую цiш:
– А людзечкi, ая-ёй!
Iмполь дагадаўся, што некага б’юць. Тупацелi ногi, трашчаў плот – ламалi недзе частаколiны.
– А божачка, што там? – Хрысця злавiла Iмполеву руку.
– Б’юцца, – сказаў ён, чуючы, што яна дрыжыць не то ад холаду, не то ад страху.
На надворку валтузiлiся: нешта мякка i глуха вухкала, як у падушку, i нехта крактаў, нiбыта сек дровы.
– Iзноў, СКАЧАТЬ