Название: Чужая бацькаўшчына
Автор: Вячаслаў Адамчык
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Книги для детей: прочее
Серия: Школьная бібліятэка
isbn: 978-985-02-1143-9
isbn:
– Нашто порашся, цi абуць няма чаго? – беручыся за сякач i плюючы сабе на рукi, сказаў Корсак.
– Не на баль можа клiчуць, – пачырванеў ад натугi Мiця, круцячы шылам у тоўстым ранце.
– Выскалiшся, нябось, – Корсак застукаў секачом па хрумсткiх сырых картоплях, дастаючы да дна i бухаючы ў дошку.
Гаварыць абодвум не было больш чаго – перасварылiся яны ўчора, калi бацька прынёс дадому павестку i, прыпляскаўшы яе рукою на стале, мацюкнуўся:
– Iдзi ты з ёю разам… i дадому не прыходзь!
Мiцю як нешта пад’юшчыла – ён не стрываў:
– I пайду! Не столькi, кажуць, свету, як у акне!
Бацька нават быў падскочыў з кулаком, у яго ад злосцi дрыжала тоўстая нiжняя губа.
Але Хрысця, распасцёршы рукi, заступiла дарогу, збялеўшы i закалацiўшыся ад страху сама.
– Дзядзечка, пабойцеся бога, нашто вы так!
Мiця скасiў вочы, выкацiўшы бялкi, але раптам асекся, што брыдка ўсё ж такi бiцца са старым бацькам, схапiў са сцяны пiнжак i выбег з хаты.
Злы, разгарачоны, пайшоў у канец вёскi да Бортнiкавых – там у хаце ўжо запалiлi лямпу: за праснiцамi сядзелi дзяўчаты. Пад высокiм падвязаным фiкусам на табурэце ўмасцiўся Бронiк Лiтавар, дзеразаваўся з хiтраватай i дзюбаносай, як сарока, Касяй – адбiраў верацяно. Яна, выхапiўшы верацяно, бiла яго галоўкаю па пучках i рагатала, паказваючы вялiкiя пярэднiя зубы з цёмным свiшчом. Дзяўчаты цярплiва маўчалi, зыркаючы на Лiтавара, i, мусiць, злавалi, што не чапае iх.
Мiцю ела нейкая тупая гарката. Ён пасядзеў дзеля блiзiру i вярнуўся дадому, чуючы, што чахне гэтая вострая злосць на бацьку. Маўчаў потым ужо i бацька, поркаўся ў хамуце, палажыўшы яго на каленi, балазе знайшоў, за што зачапiць рукi.
Але сёння ўспомнiлася яму нешта зноў.
– Выгадаваў, дачакаўся… – Корсак усё бiў секачом у дно, мусiць, забыўшыся перамяшаць ссечаныя на сярэдзiне i нечапаныя, жывыя ў кутках ражкi картоплi.
– Садзецеся снедаць, – крыкнула Хрысця знарок, каб перабiць старога, адцэджваючы ў цэбар з сечкаю ўжо звараныя нялупленыя картоплi, паразразаныя напалам, каб добра ўсалiлiся.
Стары прыставiў да сцяны сякач, спаласнуў над карытам рукi, сцягнуў з галавы кепку i, прыгладжваючы на патылiцы чорны вянок валасоў, пайшоў да стала. Угнуў лысую, жаўтаватую голаў з гладкай i блiшчастай скурай i перахрысцiўся на счарнелы, у шырокай аправе, абраз.
Хрысця яшчэ прынясла на стол у точаным драўляным кубку шарую, як на згоне зiмы снег, i скамянелую соль. Блiзiлiся каляды, былi запускi – есцi скаромнага няможна было.
Мiця дастаў з-пад лавы старое, з разбiтаю коткаю, сукала, куды ўжо хавалася ўсякае начынне, кiнуў туды шыла i клубок з дратваю i прымасцiўся таксама да стала.
Елi маўчучы, абiралi пазногцямi развараную сопкую картоплю, таўклi ў шарую, насыпаную горбачкаю на стале соль.
Прыбегла Алеся, упусцiўшы разам з сабою ў хату аблавухую сучачку, сказала з парога, убачыўшы Мiцю:
СКАЧАТЬ