Название: Адваротны бок люстра
Автор: Ксенія Шталенкова
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Историческая фантастика
isbn: 978-985-021-66-56
isbn:
– Чаго ты на мяне злуешся? – спытаў Міхал. Бася толькі фыркнула.
– Ну кінь! – прымірэнча сказаў юнак. – Як бы я купляў табе ўсю гэтую лухту? Тым больш што валасы ў цябе зараз кароткія.
Зноў прыгадаўшы сваю самую вялікую страту ў жыцці, дзяўчынка хацела ўжо пачаць грозную тыраду ў адрас Міхала, але, праходзячы міма чарговага прылаўка, яна заўважыла дзіўнага дзядка, у абліччы якога нешта здалося ёй вельмі знаёмым. Бася неўразумела ссунула бровы і зноў пакрочыла следам за юнаком, але над вухам яна пачула:
– Мадэмуазэль Барбара, вы змянілі стыль адзення?
Ад нечаканасці Бася спынілася пасярод вуліцы і павярнулася. Ну зразумела! Перад ёю стаяў пан Альбрыхт, які прадаў ёй злашчаснае венецыянскае люстра, дакладней – не прадаў, а дазволіў на нейкі час пакінуць у сябе. Зрэшты, не пазнаць яго было б немагчыма: нават тут яго адзенне было надта вытанчанае, а вусы і барада мелі ідэальную форму.
– Міхал! – схамянулася Бася і подскакам пабегла за юнаком, які ўжо паспеў адысці ад яе на добрую адлегласць, не заўважыўшы, што дзяўчынка адстала.
Той азірнуўся і, з жахам убачыўшы, што ледзь не страціў у вулічным натоўпе Басю, кінуўся ёй насустрач.
– Ты што! А калі б ты згубілася? Я нават не заўважыў, калі ты паспела адысці! – з дакорамі накінуўся ён на дзяўчынку.
– Міхал, хадзем хутчэй! – Бася схапіла юнака за рукаў і пацягнула да старога.
– Куды? – пачаў упірацца Міхал. – Ты зноў жадаеш, каб я табе нешта купіў?
– Ды не! – нецярпліва ўсклікнула дзяўчынка і спехам патлумачыла яму: – Стары, які пакінуў мне люстра, таксама тут!
– Што? – збянтэжыўся юнак.
Але Бася пацягнула яго за сабой і, калі яны былі ўжо ў некалькіх метрах ад старога, прашаптала Міхалу:
– Вунь, бачыш, гэта той дзядок!
Пан Альбрыхт ледзь прыкметна памахаў ім рукой. Юнак кінуўся да старога. Нахіліўшыся да самага яго твару, Міхал пагрозліва прамовіў, паказваючы на Басю:
– Зараз жа адпраўляй яе дадому! А то я табе…
Але Міхал не паспеў дагаварыць, бо пан Альбрыхт паглядзеў на яго такім з’едлівым позіркам, што ён цалкам сумеўся і не знайшоў, чым скончыць фразу.
– Напэўна, гэта не самае лепшае месца для размовы. Ці не будзеце так ласкавы, каб зайсці? – Дзядок паказаў на дзверы сваёй крамы.
Бася і Міхал спешна рушылі за ім. Прайшоўшы праз невялікую паўзмрочную залу, пан Альбрыхт падвёў іх да вузкіх дзвярэй. «Няўжо гэта тая ж самая крама?» – мільганула ў Басінай галаве. Як толькі яны зайшлі ў кабінет, стары зачыніў дзверы і, запрасіўшы гасцей прысесці, сам уладкаваўся ў вялікім крэсле і сказаў:
– Безумоўна, мадэмуазэль, я меркаваў, што вы пацікавіцеся і зазірнеце ў люстра. Таму і прапанаваў вам павесіць яго ў сябе на нейкі час. Але не думаў, што вы будзеце настолькі безадказная і застанецеся тут, не паспеўшы вярнуцца да таго, як люстра зачыніцца!
– Але вы ж мяне ні пра што не папярэдзілі! – абурылася СКАЧАТЬ