Ліст, знойдзены на папялішчы (зборнік). Макс Шчур
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Ліст, знойдзены на папялішчы (зборнік) - Макс Шчур страница 5

СКАЧАТЬ ў каморку, прысесьці на скамейку, а час ад часу й што ўкусіць. Толькі некалькі разоў, ідучы ў прыбіральню, я сутыкалася зь ім вачыма. Звычайны пагляд збачэнца, якому падабаюцца прадаўшчыцы й афіцыянткі. Нічога асаблівага, такіх тут процьма.

      Зрэшты, напарніцы першымі заўважылі, што тут нешта ня тое. Пачалі казаць мне: ён неяк дзіўна на цябе пазірае. Напэўна, ты яму падабаесься. Ну й што з таго, кажу. He пашанцавала яму, значыцца.

      Наагул, зь людзьмі мне працавалася цяжка. Ня толькі зь ім. Але з астатнімі было лягчэй: яны ўспрымалі мяне як аўтамат па выдачы напояў і прысмакаў. Прынамсі, дакладна ня бачылі ўва мне «чалавека». Перад імі ня трэба было саромецца за тое, што мне ўжо амаль трыццаць, а я так і ня здолела знайсьці сабе ані людзкай працы, ані мужыка, які пазбавіў бы мяне неабходнасьці бегаць у якасьці прыслужніцы абы перад кім. Што хачу сказаць: у ім мяне раздражняла менавіта ягонае спачуваньне й беспадстаўная, нават празьмерная цікавасьць да мяне.

      Аднойчы ўвечары, пад канец дня, калі пачынала ўжо быць вальней і можна было прынамсі крыху перавесьці дых, я сядзела ў падсобцы, хаваючыся ад пары назолістых і заўжды раздражнёных немцаў, якія, як мне падалося, урэшце сышлі, так мяне й не дачакаўшыся. I тут чую высокі няўпэўнены голас, з акцэнтам – гукае: «Спадарычна!» Адразу адчула нядобрае. Паволі высоўваюся – ён, хто ж іншы. Прынёс мне назад каву, якую я літаральна хвіліну таму яму наліла, і кажа: «Выбачайце, гэта піць немагчыма». «Дык чаго ж вы сюды ходзіце», ледзь была не запыталася я. «Што ня так?», кажу. Ён пачаў мне неяк прыніжана, быццам спрабуючы сам увайсьці ў маё прыніжанае сацыяльнае становішча, тлумачыць, што кава ў нас, маўляў, вельмі смачная, а галоўнае – недарагая, але вось толькі халодная. А ён п'е, значыцца, толькі гарачую каву.

      Тады я ўпершыню зірнула на яго ўважліва й мусіла зь неахвотай прызнаць, што на выгляд ён быў даволі сымпатычны. Толькі што з гэтага – ня мой тып. Маці казала: у жанчыны прыгажосьць – гэта ўсё, у мужчыны – зусім нічога. Да таго ж, малы ростам: ледзь вышэйшы за мяне. Што ж, прынамсі, не ніжэйшы. Зрэшты, ніжэйшыя за мяне бываюць толькі дзеці і ліліпуты.

      Ягоная нерашучасьць і разгубленасьць мяне насьмяшыла: я не стрымалася і ўсьміхнулася. Мне падалося, што ў яго ўваччу зазьзяла радасьць. Здаецца, ён таксама мне ўсьміхнуўся. Мне стала яго шкада: ён, мабыць, думаў, што ў маёй усьмешцы было нешта асабістае. Але насамрэч нас вучаць усьміхацца ўсім. Mae словы й паводзіны на працы ня маюць са мною нічога агульнага. Гэтак у нас паводзяць сябе ўсе.

      Пасьля гэтага доўгі час паўтаралася тое самае: ён прыходзіў да нас кожны дзень, а той самай гадзіне, замаўляў тую самую чорную каву й салодкае печыва з крэмам – хутчэй для выгляду, бо звычайна яго не даядаў. Нічога дзіўнага: ведалі б вы, з чаго і як вырабляецца гэтае печыва! Але пра гэта лепей ня будзем…

      Зважаць на яго ў мяне па-ранейшаму не было часу. Мяне якраз цікавіў адзін высокі амэрыканец, з выгляду бізнэсмэн, які заўсёды прыходзіў да нас раніцай сьнедаць і ўвесь час шырока мне ўсьміхаўся. Прынамсі, СКАЧАТЬ