Леаніды не вернуцца да Зямлі. Уладзімір Караткевіч
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Леаніды не вернуцца да Зямлі - Уладзімір Караткевіч страница 36

СКАЧАТЬ Вось, здаецца, і нічога не адбылося, а адразу неяк лягчэй стала жыць на зямлі. Добра стала жыць.

      Марыя стаяла ля акна і нервова курыла. Калі ён падышоў бліжэй, – скамечыла муштук папяросы, ружовы ад губ, і кінула ў попельніцу.

      – Ты прабач, – сказала яна, не ўздымаючы павек, – я пагарачылася. Вядома, ні з кім ты не быў. Проста я дурное, раўнівае дзяўчо. Не злуйся. Проста я вельмі-вельмі цябе кахаю.

      Андрэй засмяяўся.

      – Чаго там, – сказаў ён, – вядома, глупства. Ну, пакінь злавацца.

      Яму чамусьці хацелася быць вельмі добрым.

      – Мне кожны дзень без цябе – пакута, – сказала яна.

      – Дурнічка, я ў бліжэйшы час табе яшчэ такі сюрпрыз падрыхтую. Так што давядзецца звыкаць.

      – Чаму? – з трывогай спытала яна.

      – Еду дадому, у Востраў. На некалькі дзён.

      – Чаго?

      – Бацька нешта захварэў.

      – Перадай прывітанне, – сказала Марыя.

      Андрэй паглядзеў на сад за акном, увесь белы, пульхны, молада чысты і радасны, і зноў шырока без прычыны ўсміхнуўся.

      Раздзел VI

      Гарбаты вiядук перакiнуўся цераз пуцi ад агнёў станцыi кудысьцi ў цемру. У цемры глуха шапацелi галiны таполяў з рэдкiмi жоўтымi кроплямi агнёў, што заблыталiся ў iх.

      Пасля Масквы ціша здавалася асабліва гучнай, снег – асабліва белым, паветра – асабліва мяккім. На маленькай плошчы за віядукам было пуста. Толькі ў адным акне аўтобуснай станцыі ледзь свяціўся цьмяны агеньчык.

      Было далёка за поўнач, і таксі ўжо не хадзілі.

      Андрэй падумаў хвіліну, ці не вярнуцца на вакзал, каб чакаць раніцы, але потым успомніў, што да горада ўсяго пяць кіламетраў, што начны марозік такі свежы і калючы, што так добра рыпіць пад чаравікамі снег, і вырашыў ісці пешшу.

      Ён ішоў вулкаю прадмесця паўз сонныя дамы ў замрэяных садах і ўсё думаў аб той лёгкасці, якая спадарожнічала яму апошнія два дні перад паездкай.

      Цёмная сцяна сонных хат і садоў толькі зрэдку перарывалася больш светлымі плямамі: асветленым будынкам чыгуначнага клуба, станцыённым упраўленнем – і зноў цягнуліся сады і хаты, хаты і сады.

      Нейкая машына даганяла яго. Андрэй азірнуўся, убачыў будку кузава і падумаў быў, што гэта нейкі рэфрыжэратар. Галасаваць не варта было, і ён спакойна ішоў далей, але машына дагнала яго і спынілася.

      – Сядай.

      Андрэй пабачыў, што машына міліцэйская і, відаць, вяртаецца з нейкага начнога аб’езду.

      – Сядай.

      Дзякую вам, я яшчэ трошкі пачакаю. Нешта пакуль не хочацца, – сказаў Андрэй.

      Міліцыянер, што сядзеў поруч з шафёрам, засмяяўся.

      – Ды сядай, Андрэй, чаго там.

      Грынкевіч паціснуў плячыма: тут яго ведалі ўсе, у Маскве – амаль ніхто, і, абышоўшы машыну, сеў у кузаў, думаючы, што гэта ён упершыню робіць такое падарожжа.

      Дзверцы з маленькім акенцам ляснулі за ім. На лаўцы сядзеў стары знаёмы, старшына Рожкін, і ўсміхаўся на повен рот.

      – Куды паедзем, у працвярэзнік ці прама ў КПЗ? – спытаў ён.

СКАЧАТЬ