Название: Леаніды не вернуцца да Зямлі
Автор: Уладзімір Караткевіч
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Литература 20 века
Серия: Збор твораў
isbn: 978-985-02-1550-5
isbn:
– I іншыя, – згадзіўся Андрэй. – Ён яшчэ сказаў, што паэты падзяляюцца на «изобретателей» і «приобретателей».
– Потым, – з няўмольнай логікай вяртаючыся да спрэчкі, сказаў Вайвадс, – ён сказаў, што тая старая ісціна не памерла яшчэ і цяпер.
– Якая?
– Ну, падзел верша на складанаасацыятыўны (Маякоўскі, Ціханаў, Лугаўской, Асееў) і ясны, пазбаўлены складаных асацыяцый і метафарычнасці (Жараў, Ісакоўскі, Твардоўскі).
I што паміж іхнімі «спадкаемцамі» дагэтуль існуе ўзаемнае непрызнанне.
– Я ведаю, нашто яму спатрэбілася гаварыць пра гэта, – сказаў Грынкевіч. – Гэта ўсё ён хацеў стукнуць па Панкратаву з Харабаравым, ведаеш, гэтых маладых людзях з інстытута.
Хацеў сказаць, што яны чхаць хочуць на Маякоўскага, а ідуць за Хлебнікавым і іншымі. Памятаеш, крычаў, што яны са стараннасцю «приготовишек» і з «ЛЕФаўскай пагардаю» накідваюцца на пазіцыі Маякоўскага і Твардоўскага, прапагандуючы свае погляды як погляды пакалення… Змяшаў божы дар з яешняй.
– Я не разумею, – паціснуў плячыма Яніс, – чаму ты так абурыўся Пружыніным? Хлопцы сапраўды праз меру захапляюцца занадта дробязнай тэматыкай, сапраўды адмаўляюцца ад дакладнай рыфмы, сапраўды «стыляюць» гэтым. Усё гэта ў дастатковай меры непрыемна. I ўсё ж, дзе праўда – на баку нябожчыка Эйхенбаўма, на баку нябожчыка Беднага?
– На баку жывых, – рэзка сказаў Грынкевіч. – На баку тых, што ідуць, што шукаюць. Нябожчыкі сваё адгаварылі.
Дайце дзейнічаць жывым.
– Пружынін і прапануе «абнаўленне верша ў класічных рамках».
– Ясна, – іранічна сказаў Андрэй, – «росквіт індывідуальнасці дзіцяці ў матчыным чэраве». Не, калі ўжо нарадзілі,– дайце дзіцяці развівацца, як яно само хоча… I ведаеш, Яніс, я паверыў бы ўсім, толькі не Пружыніну. Я не веру бездары, якая брэша на талент. Памятаеш яго словы: «Еўтушэнка, што прыкідваецца разнастайным». А Еўтушэнка пры ўсіх сваіх недахопах у дзесяць разоў больш таленавіты, чым Пружынін, – душачка, якая на чыіх толькі каленях не сядзела. Ды яшчэ і паскудзіла ўсім сваім апекунам, калі яны больш не маглі апекаваць.
– За што ты яго так ненавідзіш? – неўразумела спытаў Вайвадс.
– Чалавек павінен быць шчырым. I верным свайму сэрцу. А значыць, і вершу. На ўсё жыццё.
– Ага, – зларадна сказаў Яніс, – а сам яўна адыходзіш ад яснага верша. Куды?
– Не ведаю, – сказаў Грынкевіч. – У нетры пустаслоўя не кінуся. Скажу табе толькі, што хлусіць не буду, куды б ні прыйшоў. Людзям патрэбна праўда. Пакуль што я не ўспрымаю крайнасцяў ні ад тых, ні ад другіх.
– Ну вядома, – сказаў Вайвадс, – адны дурэюць, а другія хочуць абуць усіх у лапці.
– Можа, і так… Не, не так… Але ў тым-сім твая праўда. Маладыя падкупляюць мяне тым, што яны ваююць, часам выкідваюць дурыкі, але ад чыстага, добрага сэрца. Яны вельмі жывыя… Іх рэакцыя СКАЧАТЬ