Название: Леаніды не вернуцца да Зямлі
Автор: Уладзімір Караткевіч
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Литература 20 века
Серия: Збор твораў
isbn: 978-985-02-1550-5
isbn:
А потым пайшло.
Зіма не адступала тут павольна, як у вёсцы, у размераным чаргаванні сонечных дзён і марозных начэй. У горадзе з зімою вялася жорсткая, злая, па-гарадскому, вайна.
Зіму скідвалі з дахаў, як з муроў крэпасці. Яна ляцела ўніз і цяжка ляскалася аб каменне. Яе тленныя рэшткі грузілі на самазвалы і вывозілі прэч, ачышчаючы поле пабоішча.
Яе воіны грувасціліся ўжо за горадам, але зіма, подых яе, усё яшчэ існаваў, усё яшчэ гуляў вуліцамі, усё яшчэ наступаў белымі палямі на гарадскія прадмесці.
I раптам…
…дзяўчынка ў зацішку, за рагом дома, пачала гуляць у «класікі», скакаць на адной ножцы па клетках, накрэсленых крэйдай.
– Мак-мак-мак… дурак.
Чамусьці ўсе дзеці з першым подыхам абнаўлення гуляюць у «класы». Дзяўчынка скакала па клетках, і каленкі ў яе былі голыя.
Гэта і была вясна.
А потым пачалася падземная вайна. Сапёры-карані вялі падкопы, каб захапіць абшар для жыцця.
I аднойчы выбухнуў мільёнамі салатных пупышак Цвярскі бульвар. Нават тут, у гэтай цёмнай аўдыторыі, Андрэй адчуваў, як за парцьерамі, што завесілі вокны, сваволіць і бяжыць між дрэў, уздымаючы лёгкі зялёны пылок, гарэзлівы вецер.
Вельмі хацелася кудысьці ў пушчу, дзе блакітам сінеюць беларускія пралескі, дзе ў нетрах такуюць цецерукі. Сядзенне ў аўдыторыі было б зусім нясцерпным, каб не Яніс, які соп поруч, з некаторым здзіўленнем разглядаючы «Данаю» Рэмбранта, ды не мяккі грудны голас, які гучаў у цемры.
Пасля таго, аб чым ён даведаўся ў маці, Андрэю было неяк асабліва добра слухаць гэты голас. I зусім не хацелася ні аб чым пытаць Гораву – а раптам яна нічога не ведае, а раптам гэта толькі супадзенне. Няхай сабе нічога не ведае.
Яна зусім не падабалася яму як жанчына. Але аднойчы ён на хвіліну даў сабе волю і спытаў, а што б ён, Андрэй, адчуў, каб яна знікла. I шчыра адказаў сам сабе, што гэта было б дрэн на. Неўпрыкмет ён проста прызвычаіўся, што кожны тыдзень будзе бачыць яе, чуць яе голас, сачыць за ходам яе думкі, смяяцца з яе жартаў.
Ён разумеў, што яе лекцыі не проста лекцыі, што гэта яшчэ і нейкі новы, пакуль мала зразумелы для яго, погляд на жыццё, на яго колеры і гукі, на чалавечыя пачуцці, на мастака і мастацтва.
I яму зусім не хацелася згубіць гэтую крыніцу. Ён ведаў, што кожнага чалавека, які сустрэўся з табою па дарозе і ідзе ў той самы бок, што і ты, – трэба вельмі-вельмі берагчы і не губляць з вачэй.
– Ты аб чым задумаўся, – штурхнуў яго Яніс і пажартаваў:– Слухай, пра генія размова ідзе. Пра цябе.
– Цiпун табе на язык, – шапнуў Андрэй, – я пакуль мошчамi быць не збiраюся.
Голас у цемры стаў іранічным:
– Зноў магутна прадстаўленая Беларусь размовы вядзе?
– Прабачце, – сказаў Андрэй, – Янiс кажа, што «Цыганка» Халса вельмi падобная на яго жонку.
Адчувальны штуршок пад рэбры:
СКАЧАТЬ