Название: Надбярэзінцы
Автор: Фларыян Чарнышэвіч
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-7165-14-8
isbn:
За паўтары гадзіны да змяркання ён быў у Лошы. Даведаўшыся ад групак моладзі ля парома, што канцылярыя месціцца ў доме перавозчыка, адразу ж скіраваўся туды.
У памяшканні сядзелі цывільныя і ваенныя пісары. Наведнікаў прымаў мажны пан у скураной куртцы.
– Ты што, хворы? – рыкнуў ён на Косціка, калі той пераступіў парог. Хлопцу аж у пятках закалола.
– Не, барын, я на работы прыйшоў запісацца, – нясмела адказаў ён, камечачы ў руках шапку.
– Запісацца?! То бок дагэтуль хаваўся?
– Не, барын, я лесніка сын, мяне не запісвалі.
– А, дык ты дабравольцам? Маладзец!
– Толькі можна мяне да сваіх, да смалерчукоў?
– Добра, чаму не.
Службовец пацягнуў Косціка да кнігі, выпісаў і ўручыў яму картку, каб хлопец мог пацвердзіць сваю асобу сапёрам і старастам арцелі, вывеў на ганак і паказаў дарогу.
І Косцік пайшоў. Калі мінуў будынкі, перад ім распасцёрся шырокі луг. Пасярэдзіне стракацелі рады работнікаў і работніц. Большасць стаяла, абапёршыся на рыдлёўкі, нічога не рабіла і відавочна чакала змяркання.
Сонца заходзіла чырвона, як у самы летні сквар або моцны зімовы мароз. На небе не было ні хмурынкі. З захаду лагодна дзьмуў цёплы сухавей, даносячы з фронту за некалькі дзясяткаў вёрст слабы рытмічны грукат цяжкіх батарэй.
Дарога ішла паміж Бярэзінай і плацдармам працаў.
Не прайшоў Косцік і вярсты, як работнікі пачалі збірацца ў купкі і разыходзіцца ў розныя бакі. Адначасова па ўсёй лініі загучалі песні – з той самай мелодыяй і пра тое самае:
Бельгія, Бельгія, жаль мне цібя —
П’яныя германцы разбілі цібя.
Некаторыя мянялі Бельгію на Сербію.
Пасля лугу пачалася дуброва, потым зноў луг, а за ім – іншая дуброва. Пейзаж перад вачыма быў найпрыгажэйшы – высачэзныя дубровы, ачышчаныя ад галінаў, пакрытыя травою, нібы гарадскі парк, дагледжаны чалавечай рукой, месцамі ўздыбленыя доўгімі хвалямі пагоркаў, якія нагадвалі ці то брацкія магілы старажытных ваяроў, ці то абарончыя насыпы. Тут і там трапляліся пекныя палянкі. Справа – шырокая, ціхая, празрыстая рака, а за ёю, на ўзгорыстым беразе, – сасновы бор.
Косцік заходзіў у буданы, пытаў пра сваіх і ішоў далей. Каля гадзіны прабіраўся праз цемру і ўрэшце спаткаў знаёмых з суседняга Убярэззя, якія паведамілі, што смалярская арцель зусім блізка, вунь за тымі дубамі.
– Ну і ігрышчы там у вашых сёння, – сказаў хлопец па прозвішчы Русецкі, ведучы Косціка па сцяжыне, – аж дым ідзе. Процьма сапёраў рознай масці назбіралася і шляхцюкоў ванчанскіх з тузін.
У Косціка перасохла ў горле.
Ён прамінуў тыя дубы і злева ад сцежкі ўбачыў смалярскі будан, які здалёк і ў цемры быў падобны да верхавіны густога зарасніку. Адтуль гучалі размовы, смех, музыка, угару ўзляталі іскры.
Косцік хацеў быў падкрасціся незаўважна, СКАЧАТЬ