Название: Надбярэзінцы
Автор: Фларыян Чарнышэвіч
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-7165-14-8
isbn:
– Калі ў вас бацька рускі, вас мусілі ў цэркві хрысціць, і вы, значыць, рускі таксама.
– Так, мяне ў цэркві хрысцілі.
На твары Карусі з’явілася незадаволенасць. Унтэр гэта заўважыў і паспяшаўся дадаць:
– Але я больш не хачу быць праваслаўным і збіраюся перайсці ў каталіцкую веру.
– Сапраўды пяройдзеце?
– Ей-богу! Зраблюся католікам і ажанюся з палячкай.
– Няўжо? – яна ласкава паглядзела яму ў вочы. – А калі вас, Божа барані, на вайне заб’юць?
– Гм… ну, як заб’юць, дык не ажанюся.
– Што не ажэніцеся – нічога, але калі да навяртання загінеце, будзеце вечна ў пекле гарэць.
Узводны заўважыў побач афіцэра і адышоў. А апоўдні прыцягнуўся зноў і гэтым разам ужо прыклеіўся да Касі Сцяпуры. Прабалбатаў з ёй амаль гадзіну, захапляючыся яе прыгажосцю, выказваючы сімпатыю польскаму народу і гатоўнасць навярнуцца ў каталіцтва ды ажаніцца з «палячкай».
XIX. «Чаму ты такая?»
Косцік хадзіў як атручаны: не еў, не спаў, не хацеў ні з кім размаўляць. Як яна там, бедная? Можа, падае ад знясілення, можа, які кацап яе крыўдзіць, а можа, сапраўды казакі нагайкамі б’юць? Гэтыя думкі не выходзілі ў яго з галавы. Іншыя наракалі на гэтыя акопы, з усіх сілаў намагаліся ад іх адкупіцца, выкруціцца, а Косцік бедаваў, што леснікоў ад іх вызвалілі, і ўсёй душою прагнуў, каб яго ўзялі. Ён бы ўсю працу патрэбную за Каруську рабіў і ўласныя плечы пад нагайкі падставіў, калі б мог.
Штовечар ён ішоў у Смалярню альбо на хутары, каб паслухаць і пра ўсё выпытаць. Даведаўшыся, што сагнаныя пад Бярэзіну людзі бесклапотна забаўляюцца, ён перастаў хвалявацца за Карусін лёс, але тут жа з’явілася атрутная думка пра саперніка. «А раптам знойдзецца якісь хлюст і будзе там яе карагодзіць, пакуль мяне няма? – думаў Косцік. – Ці ж мала там народу сабралася і хлопцаў усякіх».
Чым больш ён пра гэта думаў, тым больш трывожыўся.
– Наш хлопец, пэўна, нейкае няшчасце сабе прадчувае, што такі задуменны ўвесь час, – казала Васілеўская мужу.
– Нічога ён не прадчувае, проста па моладзі сумуе і па дзяўчыне, – трапіў у самую сутнасць больш разважлівы ляснік.
Для пэўнасці ён вырашыў пагаварыць з сынам сам-насам, але сын яго апярэдзіў.
– Ведаеце, тата, – пачаў Косцік за вячэрай, – работы дома цяпер няшмат, дык, можа, я пайду ў акопы? Зараблю які рубель – я чуў, што дарослым мужчынам няблага плацяць.
– Дабравольцам у акопы?! Гэта ж смех дый годзе! – зароў бацька. – Людзі адтуль уцякаюць, а ён пойдзе прасіцца, каб узялі. Пры цяперашнім бязладдзі людзі поле не хочуць засяваць, уласнай картоплі капаць не хочуць, а ён пра заробкі марыць! Ці ж табе хата наша нямілая, харч нясмачны, што ад нас уцячы хочаш? – лаяўся ён.
Маці таксама пачала дакараць:
– Сынку, табе ж вясною ўжо ў войска ісці, а ты з намі пабыць не хочаш, каб мы на цябе налюбаваліся.
– Як не пускаеце, не пайду, – адказаў Косцік. – Буду ў хаце сядзець, жэрці, спаць, а вы любуйцеся. Не пайду.
Ён раззлаваўся і цэлы тыдзень СКАЧАТЬ