Название: Надбярэзінцы
Автор: Фларыян Чарнышэвіч
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-7165-14-8
isbn:
– Стаська Шалабод піша таксама, што ім трэба больш добраахвотнікаў і што тутэйшыя палякі адзін за адным бягуць з акопаў і ўступаюць у легіёны. Кажучы між намі, ён так і зрабіў. Я таксама іду заўтра ранкам.
– Я з табой, – сказаў Ясь Ладан.
– І я з вамі, – далучыўся Болік Вінярскі.
– І я! Я таксама! І я!
Гатоўнасць пайсці ў польскае войска выказалі амаль усе хлопцы ў будане.
– Толькі не ўсе і не разам, – абарваў Казік. – Па-першае, прымаюць толькі з 18 гадоў і тых, хто з выгляду здаровы. Нам, поўнагадовым, таксама разам ісці нельга, бо арцель рэзка парадзее, і за намі могуць пусціць пагоню, а яшчэ вялікай групай мы не зможам дабрацца да Бабруйска. Варта ісці партыямі чалавекі па тры, самае большае па чатыры.
Параіўшыся, яны вырашылі, што першымі пойдуць Казік, Ясь і Картавы. Новымі старастамі выбралі Сцяпуру і Алеся.
Энтузіязм і шчасце былі бязмежныя. Амаль да поўначы будан поўніўся вясёлымі размовамі і воклічамі.
Тым часам Казік паклікаў Стаха на падворак і пераказаў яму Косцікаў ліст. Стах аж падскочыў ад радасці.
– Во зух! Во ўдалец! Якая адвага, шчасце якое! – паўтараў ён. – Гэта ж трэба, саперніку адпомсціў, пакарання ўнік і ў людзі выбіўся. Я так рады, што стрымацца не магу. А той шэльма прасіў Пана Бога, каб Косціка ваўкі з’елі! Лотр які.
– Гэта Аленскі праз Быліну такое выдумаў, – заўважыў Казік.
– Зразумела, што праз яе. Думаў, што калі яна паверыць у Косцікаву смерць, дык да яго ласкавейшая будзе. Ты не бачыў, ён гэтымі днямі за ёй не цягаўся? Хоць ты ідзі і рыла яму чысці. Але Косцік хват, сапраўдны хват, Бог сведка. Зайздрошчу я табе, што ў легіёны ідзеш. А нам, халера, у зямлі капацца тут разам з бабамі.
– Калі хочаш і адвагі набярэшся, магу табе на колькі дзён больш годную працу прапанаваць.
– Гэта якую працу?
– Вельмі мне хочацца, каб шмат хлопцаў з нашага надбярэзінскага краю пайшло ў легіёны. Тут вышэй па рацэ многа каго са шляхецкай грамады ёсць, і простых палякаў таксама, сярод якіх знайшліся б добраахвотнікі, калі б ведалі, што войска ў Бабруйску стаіць і туды ўступаць можна. Ты б здолеў ім гэта паведаміць? Хаця б на дзесяць вёрст вакол.
– Калі я не здолею, хто ж тады здолее! Іду!
XXVI. Канакрад
Наступным ранкам Ясь паведаміў, што застанецца да наступнай партыі – расказаць Сцяпуру пра абавязкі старасты і падкупіць пісара з Лошы, каб той іх у вышук не абвяшчаў.
– Калі толькі дзеля гэтага, то ідзі, разбяромся мы з Алесем, – зазначыў Сцяпура.
– Яшчэ невядома, ці прызнаюць вас, дзядзька, за старасту, – заўважыў Ясь.
– А чаго ж не прызнаць, – сказаў Казік. – Калі ўсе чалавека хочуць, калі пісаць умее, значыць, прызнаюць. Хадзем са мной, братка, разам весялей будзе. Мы ж з дзяцінства ўсюды ўдвух ходзім.
– Не, Казічак, у першай партыі не пайду, – рашуча адмовіўся Ладан, крыху падумаўшы.
  СКАЧАТЬ