Название: Надбярэзінцы
Автор: Фларыян Чарнышэвіч
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-7165-14-8
isbn:
Адказ прыйшоў з прапановай адаслаць Стаха ў Амерыку.
«Прысылайце смаркача да нас, – пісаў Уладзь. – Тут мы яго вывучым на каго толькі захоча, усялякія школы ёсць, гімназіі, вольнасці навучальныя, на любой мове, абы добра было. Давайце сюды малога, мы яго ў вялікія людзі выведзем, а нам весялей будзе».
І праз тыдзень даслалі сто пяцьдзясят рублёў на дарогу.
Пачуўшы пра паездку, Стах загарэўся. Бацька таксама згадзіўся. Маці спачатку працівілася, але потым здалася. Трэба было толькі знайсці хлопцу сярод знаёмых старэйшага таварыша ў падарожжа, бо Стаху яшчэ і трынаццаці не было. Акурат тады Балашэвічы дазналіся, што вясною ў Амерыку едзе Стахаў сваяк па маці з ваколіцаў мястэчка Бярэзіна, і вырашылі пачакаць яго.
У гімназію, зразумела, паступаць ніхто не пайшоў – Стах застаўся дома пры гаспадарцы. Зімой у вольны час ён дапамагаў Казіку весці школку альбо зачытваўся раманамі і марыў пра краіну сваёй будучыні. Вясной кожныя два тыдні наведваўся да дзядзькі і намаўляў хутчэй ехаць, бо той марудзіў, адкладаў увесь час на наступны месяц, вагаўся. Стах пабойваўся, што той перадумае і зусім адменіць абяцаны ад’езд.
Але ўрэшце дзядзька рашыўся – заплаціў габрэю-пасярэдніку кошт падарожжа і разам з ім вызначыў тэрмін выезду. З прычыны вялізнай адлегласці паміж іхнымі дамамі сваякі дамовіліся, што дзядзька не будзе зазіраць да Смалярні, а паедзе адразу ў Бабруйск, куды Балашэвіч прывязе сына.
Было лета, самае жніво, надвор’е яснае – аж вочы сляпіла.
Ян са Стахам выехалі а другой па абедзе, каб наступнае раніцы быць у Бабруйску. Час быў нязручны, таму развітацца прыйшлі толькі родныя і найбліжэйшыя Стахавы сябры: Косцік Васілеўскі, Казік Здановіч, Адась Лапаносы і Карапузя – сірата, якога ўсынавіў дзядзька Марцін. Маці і браты плакалі, таварышы кляліся ў вернасці, смуткавалі і прасілі іх памятаць. Косцік прысеў на воз, каб праводзіць Стаха яшчэ крыху, і праехаў некалькі вёрст за вёску.
– Сташку, – сказаў ён, калі яны выехалі на вуліцу, – я табе ліха якое хоць калі рабіў?
– Ніколі. Ты мне даражэйшы за родных быў і будзеш.
– А тады, калі выб’ешся, можа, і мяне забярэш у Амерыку?
– А ты б да мяне паехаў?
– Без Каруські не паеду, але калі б і яна захацела, то чаму ж не.
– Не забуду цябе, пакуль жывы, апошнім кавалкам хлеба, апошняй кашуляй з табою падзялюся.
– Дык я ж аддзячу! – абняў Косцік Стаха за плечы.
Бацька вёз сына і вучыў, як належыць сябе паводзіць, наказваў іцы і штовечар гаварыць пацеры, у дарозе ва ўсім слухацца гэтага дзядзьку, а ў Амерыцы – Уладзя з Бронікам, і не забываць родных.
– Памятай, сынку, – казаў Ян, – хоць бы ты там узляцеў высока – свіннёй не зрабіся. Мы цябе кармілі, гадавалі, вучылі, то і ты нас забываць не мусіш.
Надвячоркам далі каню крыху папасвіцца і начным СКАЧАТЬ