Название: Брыгадны генерал (зборнік)
Автор: Кастусь Травень
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-7165-24-7
isbn:
Памочнік па даручэннях Піткевіч валодаў адным, невядомым тут умельствам, за што яго і трымаў пры сабе Стах Бахановіч. Разліваючы напоі ў чаркі, ён заўсёды наліваў гасцям моцныя і дарагія каньякі ці гарэлку, а генералу толькі безалкагольны напой. Часцяком назаўтра, праспаўшыяся, госці пачыналі дзівіцца:
– От халера, – ўздыхаў раніцой апухлы ад бадуна расейскі прадпрымальнік, уладальнік нафтавых свідравін ці оптавы гандляр зброяй, другому такому ж госцю, гандляру каляровымі металамі, – здэцца ж пілі чарка ў чарку. Я сёння чуць жывы, а яму хоць бы хны.
Бахановіч яшчэ ў вясну свайго жыцця ўсвядоміў, што спажыць усе каньячна-гарэлачныя вырабы не пад сілу звычайнаму чалавеку. Гэта быў той чыннік, які размяжоўваў людзей на дзьве якасна розныя групоўкі: на тых, хто жыў уласным розумам і дасягаў жадаемай якасьці жыцця, і тых, хто даваў нырца ніжэй плінтуса аж да самага дна. Здольнасьць Піткевіча была ўнікальнай і адчыняла неверагодныя магчымасьці для кемлівых людзей.
Частуючы гасцей, Стах Бахановіч настойліва ўглядаўся ў іх твары, рухі, размовы, смех, у гэтую сучасную тканіну гістарычнага часу, утвораную тутэйшымі, каб адчуць і вызначыць, як быць далей, у якім накірунку рухацца, зьехаць за мяжу ці застацца тут, на радзіме. Ён імкнуўся рабіць такія хады ў жыцці, якім ніхто не мог перашкодзіць. Зараз ён выпрацоўваў алгарытмы сваіх наступных дзеянняў, нешта прымушала быць пільным, крыху насцярожвала яго: ягоны школьны таварыш, а цяпер галава раёна Ян Мандрык так і не прыехаў у госці і нават не патэлефанаваў яму за цэлы дзень…
І ці дазволіць яму тутэйшая ўлада, павязаная дамовамі сяброўства з паўночным суседам, жыць спакойна? Заўсёды знойдуцца людзі, што захочуць праз пераслед сепаратысцкага брыгаднага генерала рабіць сваю кар’еру.
…Суседзі, сябры і нават сваякі гарэлку і каньякі піць пілі, частаваліся прысмакамі, але спачатку ці то сарамліва, ці то асцярожна маўчалі.
…Нібыта ён, Стах Бахановіч, адзначыў сябе чорнай меткай у вачах местачковага асцярожнага грамадства. Правінцыйная свядомасьць тутэйшых людзей, марудныя дзеянні, празмерная асцярожнасьць дазваляла яму лёгка бачыць чужыя адмоўныя пачуцці і разумець іхнія звадныя думкі… Тутэйшыя землякі зараз вярталі яго назад, да свайго звыклага местачковага ўзроўню, у ранейшы статус брыгадзіра ці прараба шабашнікаў. Тым самым зніжалі напрацаваны патэнцыял.
Так, яму трэба шукаць новыя накірункі жыцця, якія захавалі б ягоную годнасць і былі такімі цікавымі і жывымі, як на Каўказе…
Праз гадзіну пацяплелых і лагодных стасункаў суседзі, сваякі і мінакі пачалі разыходзіцца. Хведзя Рудкоўскі і Міша Злацін узрушана дзякавалі за пачастунак і моцна ціснулі руку свайго тутэйшага земляка і цяпер ужо знакамітага быхаўца.
– Чуў, чуў па варожых галасах пра цябе, Стах. Ганаруся, і тады ганарыўся…, – шаптаў яму на вуха разагрэты каньяком асцярожны і разумны Міша Злацін.
СКАЧАТЬ