Название: Прыгоды Шэрлака Холмса (зборнік)
Автор: Артур Конан Дойл
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Классические детективы
Серия: Бібліятэка часопіса “ПрайдзіСвет” “PostScriptum”
isbn: 978-985-7119-03-5
isbn:
Холмс мякка пляснуў у далоні і засмяяўся.
– Клянуся, Ўотсан, вы робіце немалыя поспехі, бо заўважылі вельмі шмат. Так, вы прапусцілі ўсё важнае, але злавілі прынцып. Да таго ж у вас учэпістае вока на колеры. Ніколі не давярайце агульнаму ўражанню, засяроджвайцеся на дэталях. У жанчын я заўсёды спярша гляджу на рукавы (пра мужчыну, магчыма, болей скажа стан нагавіцаў на каленях). Як вы і сказалі, у гэтай жанчыны рукавы абшытыя плісам, на якім лёгка застаюцца разнастайныя сляды. Двайная лінія над запясцем, у тым месцы, якім машыністкі звычайна абапіраюцца аб стол, пазнаецца адразу. Швейная машына ручнога тыпу пакідае падобныя сляды, але толькі на левым рукаве і ў месцы, самым далёкім ад вялікага пальца. У нашай жа кліенткі лінія ідзе па ўсім унутраным баку запясця. Ну і, заўважыўшы след ад пенснэ на яе носе, я насмеліўся выказаць здагадку пра блізарукасць і друкарку, што яе, здаецца, здзівіла.
– Гэта і мяне здзівіла.
– Але ж гэта відавочна. А вось калі я здзівіўся і зацікавіўся: паглядзеўшы ўніз, я ўбачыў, што яе боты, хоць і падобныя паміж сабой, але, тым не менш, не парныя – у аднаго мысок аздоблены, у другога не. Адзін бот зашпілены на два ніжнія гузікі з пяці, а другі – на першы, трэці і пяты. І калі бачыш лэдзі, у астатнім акуратна апранутую, якая выйшла з дому ў няпарным абутку, зашпіленым на палову гузікаў, выснова пра тое, што яна прыбегла сюды ў спешцы, не патрабуе вялікіх разумовых высілкаў.
– А яшчэ што? – спытаў я з гарачай цікаўнасцю, якую заўсёды выклікалі ў мяне вострыя развагі сябра.
– Я мімаходзь адзначыў самому сабе, што яна напісала нейкую цыдулку перад тым як выйсці з дому, але ўжо пасля таго, як цалкам апранулася. Вы заўважылі, што ўказальны палец на яе правай пальчатцы працёрты, але, мабыць, не ўбачылі плямаў фіялетавага атраманту на абедзвюх пальчатках. Яна пісала, вельмі спяшаючыся, і абмакнула ручку ў чарніліцу занадта глыбока. Гэта хутчэй за ўсё адбылося сёння раніцай, іначай пляма на пальцы не была б такой выразнай. Карацей, усё гэта забаўна, хоць і вельмі проста, Ўотсан, але варта вярнуцца да справы. Не маглі б вы зачытаць мне апісанне містэра Хосмера Энджэла, змешчанае ў абвестцы пра знікненне?
Я паднёс да святла вузкую палоску паперы.
«ЗГУБІЎСЯ, – гаварылася ў нататцы, – раніцай 14-га джэнтльмен на імя Хосмер Энджэл. Рост – прыкладна пяць футаў і сем цаляў, целасклад моцны, колер твару жаўтаваты, валасы чорныя, густыя, з невялікай пралысінай на макаўцы, чорныя вусы і бакенбарды. Цёмныя акуляры, лёгкая няправільнасць вымаўлення. Калі яго бачылі апошні раз, быў апрануты ў абшыты шоўкам чорны сурдут, чорную камізэльку з альбертаўскім ланцужкомСКАЧАТЬ