Название: Прыгоды Шэрлака Холмса (зборнік)
Автор: Артур Конан Дойл
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Классические детективы
Серия: Бібліятэка часопіса “ПрайдзіСвет” “PostScriptum”
isbn: 978-985-7119-03-5
isbn:
Госць паваліўся на крэсла, смяротна бледны, з кропелькамі поту на ілбе.
– Я… не з-зрабіў нічога незаконнага, – заікаючыся, сказаў ён.
– Так, вельмі баюся, што гэта праўда. Але паміж намі, містэр Віндыбэнк, гэта быў самы жорсткі, эгаістычны і бяздушны фокус – безумоўна, у вашай вагавой катэгорыі, – які я калі-небудзь бачыў. Дазвольце мне прабегчыся па падзеях і папраўце, калі я раптам памылюся.
Віндыбэнк скурчыўся на крэсле, апусціўшы галаву на грудзі, відавочна, цалкам знішчаны. Холмс паклаў ногі на камінную дошку і, адкінуўшыся назад і засунуўшы рукі ў кішэні, пачаў расказваць – здавалася, больш сабе, чым нам:
– Мужчына ажаніўся з жанчынай, нашмат старэйшай за яго, каб займець яе грошы. Таксама ён з задавальненнем карыстаецца даходам сваёй падчаркі, бо яна жыве з імі. Для людзей іхнага класу гэта значная сума, і яе страта адчувальна ўдарыць па іх становішчы. Варта пастарацца, каб гэтага не здарылася, праўда? Падчарка ставіцца да такога стану рэчаў добра і прыязна, але яна па-свойму сентыментальная і чуллівая, таму відавочна, што пры яе прывабных якасцях і наяўнасці невялікага даходу яна нядоўга будзе адна, а яе замуства азначае страту сотні фунтаў у год. Як яе айчым можа гэтага пазбегнуць? Самае лёгкае – трымаць яе дома і забараніць знаёміцца з людзьмі яе ўзросту. Але ён хутка разумее, што гэта працягнецца нядоўга. Дзяўчына пачынае ўпарціцца, настойваць на сваіх правах і ўрэшце паведамляе, што збіраецца пайсці на нейкі там баль. І што ж робіць яе кемлівы айчым? Ён прыдумляе план, які робіць гонар яго розуму, але не сэрцу. З ведама і з дапамогай жонкі ён мяняе выгляд: хавае праніклівыя вочы за цёмнымі акулярамі, наклейвае на твар вусы і пышныя бакенбарды, глушыць свой звонкі голас да мяккага шэпту і, абаронены ад выкрыцця яшчэ і блізарукасцю падчаркі, паўстае перад ёю як містэр Хосмер Энджэл, каб не падпускаць да яе іншых кавалераў, зрабіўшыся такім самому.
– Спачатку гэта быў проста жарт, – амаль прастагнаў наш госць. – Мы і падумаць не маглі, што яна захопіцца да такой ступені.
– Можа, і не маглі. У любым выпадку, маладая лэдзі захапілася моцна, а ўпэўненасць, што айчым цяпер у Францыі, перашкодзіла хаця б на хвіліну западозрыць яго ў падмане. Яна была вельмі ўсцешаная ўвагай джэнтльмена, а гучнае захапленне маці падагрэла яе сімпатыю. Містэр Энджэл пачынае званіць, бо цудоўна разумее, што справа выгарыць, калі рухаць яе ў патрэбным кірунку. Пачынаюцца спатканні, а потым адбываюцца і заручыны, пакліканыя канчаткова адвярнуць дзяўчыну ад каго-кольвек. Але падман не мог цягнуцца вечна, гэтыя фальшывыя паездкі ў Францыю прыносілі шмат нязручнасці. Штука была ў тым, каб скончыць справу вельмі драматычна і зрабіць на маладую лэдзі такое глыбокае ўражанне, каб яна пэўны час і не думала глядзець на кагосьці яшчэ. Адсюль і клятвы вернасці на Бібліі, і намёкі на тое, што проста ў дзень вяселля можа раптоўна нешта здарыцца. Джэймс Віндыбэнк хацеў, каб міс Сазэрлэнд была прывязаная СКАЧАТЬ