Название: Восень у Вільнюсе (зборнік)
Автор: Маргарыта Прохар
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-02-1604-5
isbn:
Мы чакалі сеанса ў «Forumе». І яна папрасіла пірог з малінай.
Глядзелі фільм «Ключ» – даволі страшны, містычны фільм, таму яна спалохалася і ўчапілася ў падлакотнік крэсла. Але ж менавіта яна абрала гэты фільм.
– Чаму ты глядзіш такія фільмы, калі табе страшна? – спытаў я.
Яна задумалася, потым адказала:
– Лепш спалохацца ў кіно, чым у жыцці. Калі паглядзіш вельмі страшны фільм, не так жудасна тое, што вакол.
– Што цябе палохае?
– Галеча, дрэнныя сны, удары ў дзверы, не тыя словы, развітанне… Няўжо ты гэтага не баішся?
– Чаму ж. Але я не думаю пра гэта. Я забяспечаны, у мяне нядрэнная праца, кватэра, я здаровы нарэшце.
– Ты маеш рацыю. А вось я вельмі баюся. У дзяцінстве ў нас была такая гульня: побач маляваліся квадраты: адзін зваўся «шчасце», а другі – «няшчасце». Трэба было падняць руку, заплюшчыць вочы і мякка апусціць кубік зверху на гэтыя квадраты. Куды ён упадзе – значыць, тое і будзе. Я вельмі не хацела гуляць у гэтую гульню, але аднойчы мяне ўгаварылі. І кубік зваліўся проста на рысу. Гэта здаралася так рэдка, што ўсе здзівіліся. А я цешылася, што хоць ўсё гэта скончылася. Бо самае страшнае – калі заплюшчыш вочы і адпускаеш кубік. Сэрца так б’еццаб’ецца! Не моцна, а страшна хутка. Таму што гэтая мяжа паміж квадратамі такая тонкая – усяго адна рысачка мелу… Мяжа паміж шчасцем і няшчасцем… – яна змоўкла і задумалася, міжвольна прыціснуўшы руку да сэрца, нібы толькі цяпер згуляла ў гэтую гульню. – Пра што гэта я?.. Ах да, вось таму я вельмі баюся… усё такое нетрывалае… Нават камень – таму што яго могуць падарваць за секунду…
– Няўжо ўсё так дрэнна? – усміхаючыся, каб падбадзёрыць яе, спытаў я.
– Не, я не пра гэта, – яна зірнула на мяне сур’ёзна, неяк засяроджана. – Я аб трываласці. Ты не разумееш.
– Чаму ж – разумею. Але я не лічу, што ўсё вось так проста можна разбурыць. Старыя гарады стаяць стагоддзямі. Самы просты прыклад трываласці…
– Старыя гарады… На самай справе старых гарадоў няма – усё іншае, адны камяні засталіся.
– Значыць ты лічыш, што няма нічога трывалага?
– Можа, толькі сэрца… – Вочы яе глядзелі кудысьці ўдалячынь. – Так, мусіць, толькі сэрца. Страшна падумаць, што яно выносіць…
Мы павольна ішлі па праспекце Гедымінаса. Шарэла. Вецер зрываў жоўтае лісце і кідаў пад ногі. Яно гарэла, нібы ў агні, у водблісках першых ліхтароў. Я не пытаў, куды мы ідзем. Мне было ўсё роўна, абы ісці побач з ёй. Праспект скончыўся, мы выйшлі да вежы.
– Пойдзем уверх?
Я кіўнуў, і мы пачалі ўзбірацца наверх па каменных прыступках.
Адсюль адкрываўся цэнтр Вільнюса – старыя дамы і новыя гмахі. І адсюль зусім не было відаць восені – толькі дахі, бясконцыя дахі, цэрквы, вежы замкаў.
– Я прыходжу сюды, калі мне дрэнна, – раптам сказала яна. – І палю, хоць гэта забаронена.
Мы моўчкі стаялі і глядзелі ўніз. Халадала, і я накінуў ёй на плечы сваю куртку. Яна захуталася ў яе, нібы птушачка ў цёплыя пёры.
– Пойдзем! – СКАЧАТЬ