Я перакананы, што нельга сур’ёзна абгрунтаваць і тэзу, быццам мэта аўтара ў „Дамавікамэроне“ была выклікаць сэксуальнае ўзбуджэньне ў чытача, інакш кажучы, пад літаратурнай шыльдай працягнуць парнаграфію. У такім сэнсе нашмат больш парнаграфічнымі будуць жаночыя раманы, нягледзячы на тое, што тэхналёгія іхнай вытворчасьці выключае выкарыстаньне пэўных даслоўнасьцяў і сцэнаў тыпу hard core. Але інтэнцыі soft-core’авых жаночых раманаў несумненна больш непрыстойныя, чым даслоўнасьці Глёбуса.
Глёбус ступіў у зону, якой раней не наведваў ніводзін зь беларускіх пісьменьнікаў, і падрабязна апісаў сваё падарожжа. Здаецца, апісаньне тутака – дакладнае слова, бо людзі, што ў курсе справы, без усялякіх сумненьняў сьцьвярджаюць, што ня менш за 80 працэнтаў гісторый, апаведзеных у „Дамавікамэроне“, здарыліся на самай справе з удзелам ці то аўтара, ці то яго знаёмых, якія пасьля апавялі яму пра свае прыгоды (натуральна, калі выжылі). (Астатнія 20 працэнтаў гісторый адносяцца да такіх выпадкаў, у якіх ніводзін сведка ня выжыў.)
Вартая адзначэньня яшчэ адна вонкавая прыкмета прозы Глёбуса: тапаграфія месцаў апісаных падзей пададзена з абсалютнай дакладнасьцю. З „Дамавікамэронам“ можна зьведаць Менск значна лепш, чым з афіцыйным плянам гораду, які застаўся наўмысна скажоны, каб заблытаць арыентацыю заходніх разьведчыкаў у беларускай сталіцы.
Сэкс зьяўляецца інтымным заняткам, у якім чалавек акрамя вопраткі скідае таксама ўсялякія іншыя маскі, дазваляе сабе пабыць „дэманам пажады“. У таталітарным грамадзтве ён быў той сфэрай свабоды і натуральнасьці, над якой дзяржава ня мела кантролю, а таму спрабавала асудзіць яе на неіснаваньне, выкрасьліць з грамадзкай свядомасьці. Глёбусу ўдалося ўвайсьці ў яе, зазірнуць пад штодзённую афіцыёзную маску homo sovieticus’a і паказаць глыбока схаваную чалавечнасьць у яе прыродных камічна-жаласна-ўзьнёслых разнавіднасьцях і сытуацыях. Паказаць з суперажываннем. Магчыма, акурат з гэтай прычыны ў кароткіх апавяданьнях Адама Глёбуса найрэльефней з усёй беларускай літаратуры спаўняюцца рэалістычныя пастуляты. Усе гісторыі ня толькі адпавядаюць жыцьцёвай праўдзе (як мы вызначылі, усе яны маюць сваёй крыніцай рэальныя падзеі), але і літаратурнай праўдзе, г. зн. ствараюць пэўную літаратурную рэальнасьць, у якой часткі і цэлае не супярэчаць, і якая фармуе літаратурна замкнёны і самадастатковы свет. Гэта адна з асноўных характарыстык добрага пісьменства.
Уключэньне ў кантэкст менскіх эратычна-сэксуальных гісторый (дый ня толькі такіх) цэлага легіёну беларускіх дэманаў, д’яблаў СКАЧАТЬ