Название: Ён прыходзіў з дажджом (зборнік)
Автор: Коллектив авторов
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Классические детективы
Серия: Калекцыя «ПрайдзіСвет»
isbn: 978-985-90377-5-7
isbn:
– Я з'явіўся на свет, мяркую, каб стаць рабаўніком, – ціхамірна заўважыў ён, – і стаў бы, канечне, калі б не нарадзіўся выпадкам у тым слаўным суседнім доме. Ды і якая тут бяда, у кожным разе?
– Як можна такое казаць? – запярэчыла дзяўчына.
– Разумееце, – адказаў хлопец, – калі хтосьці нарадзіўся не па той бок ад агароджы, то я зусім не бачу, чаму б яму яе не пералезці.
– Ніколі не ведаю, што вы праз імгненне скажаце ці ўчыніце, – сказала яна.
– Я і сам часта не ведаю, – адказаў містэр Крук, – але прынамсі цяпер я з патрэбнага боку агароджы.
– А які бок агароджы вам патрэбны? – спытала дзяўчына з усмешкаю.
– Той, з якога вы, – адказаў малады Крук.
Яны рушылі разам дарожкаю паміж лаўрамі, і тут трыкроць прагучаў аўтамабільны гудок, з кожным разам бліжэй, і машына – дзівосная хуткасцю, надзвычайная элегантнасцю ды бледна-зялёная колерам – птушкаю падляцела да дома і стала, дрыжучы, ля ўваходу.
– Ого-го! – сказаў юнак у чырвоным гальштуку. – Вось ужо хто з пэўнасцю нарадзіўся з патрэбнага боку агароджы. Я і не ведаў, міс Адамс, што ў вас такі найсучаснейшы Санта-Клаўс.
– А, гэта мой хросны, сэр Леапольд Фішэр. Ён заўсёды прыязджае адразу пасля Раства.
Рубі Адамс на імгненне прымоўкла, міжволі выдаўшы тым не дужа вялікае захапленне, і дадала:
– Ён вельмі добры.
Джон Крук, журналіст, чуў пра гэтага важнага магната з Сіці; а ў тым, што магнат з Сіці пра журналіста не чуў, той быў зусім не вінаваты, бо ў пэўных артыкулах “Трубнага голасу” ці “Новага веку” для сэра Леапольда не знайшлося ніякай літасці. Але цяпер Крук нічога не сказаў і толькі змрочна назіраў, як разгружаюць машыну – а гэта была няхуткая справа. Рослы ахайны шафёр у зялёным выбраўся з пярэдняй дзверкі, дробны ахайны слуга ў шэрым выбраўся з задняй, і разам яны перамясцілі сэра Леапольда на ганак і пачалі распакоўваць, быццам вельмі рупліва загорнутую пасылку. Яны размотвалі пледы, якіх стала б на цэлую краму, футры ўсіх лясных звяроў ды шалікі ўсіх колераў вясёлкі, пакуль нарэшце не паказалася нешта кшталту чалавечай постаці – постаці прыязнага, але чужаземнага з выгляду старога джэнтльмена з сівою казлінаю бародкаю і ззяючаю ўсмешкаю, які паціраў адна аб адну вялікія футравыя рукавіцы.
Задоўга да таго як сэр Леапольд канчаткова аб'явіўся з-пад пледаў і шалікаў, вялікія дзверы перад ім расчыніліся, і палкоўнік Адамс (бацька зафутранай дзяўчыны) выйшаў асабіста запрасіць вялебнага госця ў дом. Ён быў высокі, асмуглы й вельмі маўклівы, а на галаве меў чырвоную шапку накшталт фескі, праз якую рабіўся падобны да ангельскага сірдара ці пашы ў Егіпце. З ім выйшаў СКАЧАТЬ