Ён прыходзіў з дажджом (зборнік). Коллектив авторов
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Ён прыходзіў з дажджом (зборнік) - Коллектив авторов страница 6

СКАЧАТЬ Холмс, я сапраўды адчуваю, што ўцягнуў вас у безнадзейную справу, бо чым, апроч спачування, вы можаце мне дапамагчы? З вашага гледзішча гэта мусіць быць справа надта далікатная і складаная.

      – Справа сапраўды далікатная, – адказаў мой сябар з дзіўнай усмешкай, – але нават цяпер я не думаю, што яна складаная. Яна патрабуе лагічных высноваў, і калі яны крок за крокам пацвярджаюцца шэрагам незалежных адзін ад аднаго эпізодаў, суб’ектыўнае робіцца аб’ектыўным, і мы можам упэўнена казаць, што дасягнулі мэты. Фактычна, я дасягнуў яе яшчэ да ад’езду з Бэйкер-стрыт; астатняе было простым назіраннем і пошукам пацверджання.

      Фэргюсан правёў рукой па пакрытым зморшчынамі ілбе.

      – Дзеля ўсяго святога, Холмс, – хрыпла сказаў ён, – калі вы бачыце, у чым тут рэч, не трымайце мяне ў напружанні. Як я магу вытрываць? Што мне рабіць? Мяне не турбуе, дзе вы здабылі свае факты, калі толькі вы і праўда ў іх разабраліся.

      – Безумоўна, я павінен вам усё патлумачыць і зраблю гэта. Але дазвольце мне весці справу так, як мне зручней. Ўотсан, лэдзі мае сілы нас прыняць?

      – Яна хворая, але ў прытомнасці.

      – Вельмі добра. Бо мы можам праліць на ўсё гэта святло толькі ў яе прысутнасці. Давайце да яе падымемся.

      – Яна не хоча мяне бачыць! – усклікнуў Фэргюсан.

      – О, яна захоча, – адказаў Холмс і накрэмзаў на аркушы некалькі радкоў. – Вас, Ўотсан, туды пусцяць. Будзьце так ласкавы, занясіце лэдзі гэтую запіску.

      Я зноў падняўся і перадаў запіску Далорэс, якая асцярожна адчыніла дзверы. Праз хвіліну ў пакоі пачуўся ўскрык, у якім, здавалася, перамяшаліся радасць і здзіўленне. З-за дзвярэй вызірнула Далорэс.

      – Яна хоча іх бачыць. Яна будзе слухаць, – сказала яна.

      Я паклікаў Фэргюсана з Холмсам наверх. Калі мы зайшлі ў пакой, Фэргюсан зрабіў крок ці два да жонкі, якая паднялася ў ложку, але яна жэстам спыніла яго. Гаспадар апусціўся ў фатэль, Холмс, пакланіўшыся лэдзі, якая глядзела на яго з прастадушным здзіўленнем, сеў побач.

      – Думаю, мы можам абысціся без Далорэс, – сказаў Холмс. – О, добра, мадам, калі вы настойваеце, каб яна засталася, то я не супраць. Што ж, містэр Фэргюсан, я заняты чалавек з шырокай практыкай, а таму мае метады павінныя працаваць хутка і трапляць у цэль. Чым хутчэйшая аперацыя, тым меншы боль. Найперш дазвольце мне вас супакоіць. У вас цудоўная жонка, якая вас кахае, але абышліся з ёй вельмі кепска.

      Фэргюсан падскочыў з крыкам радасці.

      – Дакажыце гэта, містэр Холмс, і я буду вечна вам абавязаны.

      – Дакажу, але для гэтага мне давядзецца зноў глыбока вас параніць.

      – Мяне не турбуе нічога, апроч апраўдання мае жонкі. У параўнанні з гэтым усё астатняе на зямлі – нішто.

      – Тады дазвольце мне прадставіць вам ланцуг разважанняў, які прайшоў у маёй галаве яшчэ на Бэйкер-стрыт. Ідэя пра вампіра падалася мне абсурднай. У ангельскай крымінальнай практыцы такога проста не бывае. І тым не менш, вы не памыліліся і сапраўды бачылі жонку, СКАЧАТЬ