Беларусалім. Кніга першая. Золак. Павел Севярынец
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Беларусалім. Кніга першая. Золак - Павел Севярынец страница 3

СКАЧАТЬ штораз ён акунаўся ў Волю, як у люстра, разглядаў у яе сьветлым ліку свае ўласныя блакітныя вочы і русыя валасы, вывучаў усе яе ўзгоркі і лагчынкі, да апошняй былінкі ў залацістай сьцежцы ад ключыцаў да пупка, выцалоўваў сузор’е радзімак зьлева, пад грудзьмі, на самым сэрцы; піў стогны зь яе вішнёвага роту і прагнуў валодаць ёю – адзінай, хто мог умясьціць яго.

      Выдых дыму пагрозным валам пракаціўся па вуліцы, прарваўся праз мост у самыя нетры горада, і ён аблізаў халодныя вусны.

      І ўсё-такі: сьвятло. Пяшчотнае і балючае – сьвятло. Яе спалоханая прамяністая хваля валасоў на выхадзе з факультэта. Калі ён пад’ехаў і распахнуў дзьверы машыны; яе белая, зьлёгку вільготная і цёплая, і важкая, ён аж дрыжэў, рука на ягоным локці… І зоркі, ясныя зоркі ўваччу, калі ён, прымаючы яе куртачку ў рэстарацыі, паглядзеў ёй у аблічча, мілае да млосьці, і нясьцерпна, нясьцерпна прыгожае.

      Агеньчык зжыраў цельца цыгарэціны злымі ўспышкамі, надта хутка, зь дзікай прагаю. Вочы роспачна шукалі, за што б зачапіцца.

      Уцягнуў грудзьмі марознае паветра, аж зубы заняло. Пстрыкнуў вагнём. Згасьлі іскаркі.

      Дахаты? Куды… У Сьляпянку?.. Да маці?

      Мама, самотная ціхая мама, якой зрабіў дзіця невядомы падонак. Вучылка, загнобленая гістарыца Вера Ванна, самым высокім статусам у жыцьці каторай было “член участковай выбарчай камісіі”… Што адмольвала яна кожны вечар у заслаўскай царкве на Замчышчы, што за сьвечку запальвала ды выстаўляла на ноч у вакно? Каго чакала?

      У часы Вялікага Княства так рабілі. Для падарожных.

      Маці распавядала гісторыю яму, маленькаму, перад сном, як казку – бясконца, у дэталях, з датамі па днях, апісаньнямі замкаў і герояў, быццам сама была сьведкай былых шляхоў, каханьняў і бітваў. Толькі гісторыя, у школе і ўдома, больш у яе нічога не было. Гісторыя, самотна пражытае жыцьцё, і вось, старасьць. Кватэра, забудаваная камянямі тамоў і летапісаў, плітамі даведнікаў; руінамі ў зале, дзіцячым пакоі, калідоры і нават кухні, дзе кожны выламак успыхвае пылам, і раптам крыляе раскрытымі белымі-белымі старонкамі, і рассыпаецца ў тваіх пальцах забыты сьвет.

      З тае пары ён гісторык, і бачыць душы ў зямлі і сьценах, у травах і зорах; глыбы эпохаў і ўзгор’і вялікіх падзеяў у любым грудку пад нагамі; з тае пары яму дастаткова аднаго доўгага позірку, каб у глыбіні краявіду заварушыўся волат велічынёй з гару. Краіна замкаў, круглы стол караля Артура, зямля Афір, Гіпербарэя і Атлантыда – усё гэта ўсплывала, калісьці, на сьвітанку часоў, патопленае ў балотах сэрца Еўропы.

      Беларусь, зямная плоць ягоная, агромністае цела ягонае… І пакуль сьвет умяшчаецца ў ягонай галаве, пакуль ён жывы – самае важнае, цудоўнае і адзінае балючае для яго будзе тут, і найлепшае, і найвялікшае – чуеце, вы ўсе! – будзе тут, дзе жыву Я! Беларусь, прах ягоных невядомых продкаў, падмурак ягоных крокаў, плоць ад плоці ягонай, прастора ад зямлі да неба, месца, зь якім ён сальецца навечна, калі ўсё скончыцца – тут, у цэнтры сусьвету.

      Але СКАЧАТЬ