Прыгоды ўдалага салдата Швейка. Яраслаў Гашак
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Прыгоды ўдалага салдата Швейка - Яраслаў Гашак страница 44

СКАЧАТЬ спытаў Швейк, калі адгучаў апошні кленіч: «Абодва вы нягоднікі, які пастух, такая і чарада». – А можа, вы хочаце яшчэ нешта дадаць, перш чым паляціце са сходаў?

      З той прычыны, што строгі пан настолькі знясіліўся, што яму не прыйшла ў галаву ніводная новая лаянка, і таму замоўк, Швейк палічыў, што дарэмна ён будзе чакаць дадаткаў. Ён расчыніў дзверы, паставіў строгага пана на парогу тварам да лесвіцы і… за такі ўдар не пасаромеўся б найлепшы гулец самай знакамітай футбольнай каманды міжнароднага класа.

      A следам за строгім панам па сходах нёсся Швейкаў голас:

      – У наступны раз, калі пойдзеце ў адведкі да прыстойных людзей, будзеце паводзіць сябе слушна.

      Строгі пан доўга яшчэ хадзіў па-над вокнамі, чакаючы фельдкурата, а Швейк праз адчыненае акно назіраў за ім.

      Нарэшце госць дачакаўся. Фельдкурат адвёў яго ў пакой і пасадзіў у крэсла насупраць сябе.

      Швейк моўчкі прынёс плявальніцу і паставіў яе перад госцем.

      – Што вы робіце, Швейк?

      – Асмелюся далажыць, пан фельдкурат, з гэтым панам ужо была невялікая непрыемнасць з-за яго плявання на падлогу.

      – Пакіньце нас адных, Швейк, нам сёе-тое трэба ўладзіць паміж сабой.

      Швейк выцягнуўся і аддаў чэсць.

      – Слухаюся, пан фельдкурат, пакідаю вас адных. I пайшоў на кухню. У пакоі пачалася надта цікавая размова.

      – Вы прыйшлі атрымаць грошы па вэксалю, калі не памыляюся? – спытаў фельдкурат свайго госця.

      – Так, і спадзяюся… Фельдкурат уздыхнуў.

      – Ведаеце, часта здараецца, што трапляеш у такую сітуацыю, калі застаецца толькі спадзявацца. О, як прыгожа гучыць гэтае слова «спадзяванне» з таго трылісніку, які ўзвышае чалавека над хаосам жыцця: «вера», «спадзяванне», «любоў»…

      – Я спадзяюся, пан фельдкурат, што сума…

      – Бясспрэчна, шаноўны пане, – перапыніў яго фельдкурат, – я магу паўтарыць яшчэ раз, што слова «спадзяванне» дае чалавеку сілу ў яго жыццёвай барацьбе. Не губляйце надзеі і вы. Як гэта цудоўна: мець пэўны ідэал, быць бязвінным, чыстым стварэннем, якое пазычае грошы пад вэксаль і мае надзею, што атрымае іх назад своечасова. Спадзявацца, увесь час спадзявацца, штоя выплачу вам тысячу дзвесце крон, калі ў мяне ў кішэні няма і сотні.

      – Значыцца, вы… – пачаў заікацца госць.

      – Значыцца, я, – адказаў фельдкурат.

      На твары госця зноў з’явіўся ўпарты і злосны выраз.

      – Пане, гэта жульніцтва, – сказаў ён, устаючы.

      – Супакойцеся, шаноўны…

      – Гэта жульніцтва! – упарта крычаў госць. – Вы ашукалі мой давер.

      – Пане, – сказаў фельдкурат, – вам, несумненна, пойдзе на карысць перамена паветра. Тут занадта душна. Швейк, – крыкнуў ён у кухню, – гэтаму пану прыйшоў час выйсці на свежае паветра.

      – Асмелюся далажыць, пан фельдкурат, – пачулася з кухні, – я гэтага пана ўжо адзін раз выкідваў.

      – Паўтарыць! – СКАЧАТЬ