Радзіва «Прудок». Андрусь Горват
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Радзіва «Прудок» - Андрусь Горват страница 6

СКАЧАТЬ нехарошы свет пайшоў, нехарошы.

      Дзед Косцік набівае тытунем самакрутку і цяжка ўздыхае.

      – Вой, нехарошы свет пайшоў, – паўтарае баба Гаша. Я з замілаваннем слухаю яе мову.

      Етака, чагойліся, кажны, лісянкі, роскідуўся, куплеюць…

      Адна з адметнасцяў барусканскай гаворкі – канчатак «ом» заўсёды пераходзіць у «эм». Напрыклад, не малаком, а малакэм.

      Цікаўлюся ў бабы Гашы:

      – Тапаром будзе тапарэм?

      – Тапаром будзе сякерай.

* * *

      Радзіва «Прудок». Экстраны выпуск пейзажных замалёвак.

      Праводжу водпуск у Прудку. Начую ў свайго брата Шурыка. У дзедавай хаце яшчэ няможна спаць. Восем год у ёй ніхто не спаў.

      Штораніцы хаджу праз усю вёску. Побач каровы і трактары. Мухі, лес і яблыні. І гэта ўсё самае галоўнае.

* * *

      Пайшоў па ваду да бабы Наташы.

      – Як ты? – пытае.

      – Паціху.

      – Ну дзякуй Богу. І я тупаю паціху. Мабуць, гаруеш?

      – Не, баб Наташ, чаму гарую? Работаю.

      – Ну ідзі гаруй паціху. А я яечка звару і буду тупаць.

      – Паціху?

      – Паціху, сынок, паціху.

* * *

      Прыходжу, а ў садзе да яблыні прывязана кабыла, каля яе верціцца жарабя. Дарма, думаю, ніхто ж не ведае, што з’явіўся гаспадар.

      Аднак потым сяджу сабе на ганку, п’ю каву з вогнішча, нікога не чапаю, як раптам прыязджае ў двор на ровары малады мужчына, мо гадоў на пяць старэйшы за мяне. Кідае ровар на траву, сядае побач з ім, моўчкі закурвае цыгарку. У гэты момант мне ў спіну тыцкае пысай кабыла.

      «Мо так і трэба?» – праносіцца ў галаве філасофская думка. Пакурыў той мужык дый кажа:

      – Дай трыццаць тысяч.

* * *

      Сёння ён ізноў прыехаў. А я ўвесь такі ў рабоце: выношу з хаты столь, якая ўпала.

      – Андруха.

      – Ну.

      – Ну ты маладзец.

      – А што такое?

      – Дай пацісну руку.

      – Ну, што?

      – От я думаў, што ты от тэты во. А ты не от тэты во.

      – Што?

      – Ну не от тэты во, не абы-што!

      – А што?

      – Андруха, от маладзец ты, гляджу на цябе і думаю: дай сто тысяч, а?

* * *

      Пайшоў я да цёткі Дуні па яйкі. Тая доўга на мяне пазірала ды кажа:

      – А чый то ты? Свецін ці Іванаў?

      – Іванаў.

      – Я так і падумала, сынок. На табе яшчэ два яйкі.

* * *

      У фэйсбуку пішуць: каб сказаў, што Свецін, дала б тры.

* * *

      Прыйшла сёння ў мой агарод нейкая маладзіца красці бульбу, якую пасадзіў Шурык, ды ўбачыла, што дзверы ў хату адчынены. А тут неспадзеўкі выйшаў я. Маладзіца ажно перахрысцілася.

      – А я бачу, дзверы адчынены. Думаю, прыкрыю, каб ніхто не ўлез. Ага, так я і паверыў.

      – А вы тут будзеце жыць?

      – Буду.

СКАЧАТЬ