Название: Закон захавання кахання
Автор: Зінаіда Дудзюк
Издательство: Четыре четверти
Жанр: Современная зарубежная литература
Серия: Жаночыя лёсы
isbn: 978-985-581-273-0
isbn:
– Тут жыў Булгакаў. Можам зайсці ў пад’езд.
Расчынілі дзверы, увайшлі ў паўцёмную прастору лесвічнай пляцоўкі, убачылі сцены, спісаныя спрэс прыхільнікамі вялікага празаіка.
– Што робіцца! – ахнула Ада. – Гэта трэба так спаскудзіць жытло! Эма, калі-небудзь і твой пад’езд такім чынам размалююць!
– У нас дамафон, не атрымаецца. Пайшлі, пастаім ля дзвярэй. Калі яшчэ сюды збяромся…
Яны падняліся па прыступках, пастаялі на пляцоўцы. Ада падумала, што жыў на свеце выдатны пісьменнік Булгакаў, розныя палітычныя і сацыяльныя акалічнасці не дазвалялі яму існаваць вольна і шчасліва, п’есы не ставілі, кніжкі не выдавалі. А пасля, калі ён памёр, успомнілі, пачалі ствараць кінафільмы і ставіць п’есы, кніжкі выдаваць. Хоць бы хто яму на той свет занёс гэтую радасць! І сказала Эме:
– Шкада пісьменнікаў, якіх не любілі і не прызнавалі пры жыцці. Пры спрыяльных умовах яны зрабілі б значна больш.
– Не думаю, – запярэчыла Эма. – Ведаю па сабе. Пакуль я была маладая, мела шмат праблем, тады і кніжкі пісаліся. А цяпер усё выдатна! Сям’я забяспечана, муж – добры чалавек, сын уладкаваны, а не пішацца. Спакойна і ціха на душы, быццам у калодзежы, дзе даўно ваду не чэрпалі.
– Лічыш, што пісьменніку патрэбны цяжкасці, што ён, як некаторыя кажуць, павінен быць галодны?
– Хоць і не хочацца мець асаблівых жыццёвых непрыемнасцей, але атрымліваецца, што без іх няма творчасці, няма моцных пачуццяў. Я іншы раз проста вар’яцею, гатовая нешта бязглуздае ўтварыць, каб узварушыць дрыгву будзённасці.
– Дзе вы бываеце, мо на прыроду выязджаеце?
– Ездзім на дачу, смажым шашлакі і гуляем у карты.
– А грады?
– Не, мы на такія подзвігі не здатныя!
– Прынясі мне, калі ласка, пачытаць сваю прозу, – папрасіла Ада.
– Добра. А ў цябе што? Толькі вершы?
– Ёсць некалькі апавяданняў і дзве аповесці, але ж яны напісаны па-беларуску.
– А ты перакладзі што-небудзь…
– Добра, паспрабую…
Ада з Эмаю накіраваліся да станцыі метро, па прыступках спусціліся да платформы і разышліся па розныя бакі. Адразу з грукатам падкацілася электрычка, Ада ўвайшла ў яе шматлюднае чэрава і паімчала ў новае сваё жытло. Гайдаючыся ў вагоне, яна падумала, што пасля заняткаў застаецца вольны час, можна хадзіць у гістарычную бібліятэку і шукаць цікавыя матэрыялы, што датычацца Беларусі. Маскву яна яшчэ паспее разгледзець, два гады наперадзе! На бліжэйшы час трэба было сабраць падборку вершаў, зрабіць падрадкоўнікі на рускай мове, каб падрыхтавацца да абмеркавання на секцыі паэзіі. Для гэтага варта ўзяць на пракат друкарку, не валачы ж яе з дому. А мо ў каго з хлопцаў ёсць тэхніка? Але вельмі не хацелася быць ад некага ў залежнасці, трэба разлічваць толькі на сябе і самой СКАЧАТЬ