Вараціш-гара. Маргарыта Латышкевіч
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Вараціш-гара - Маргарыта Латышкевіч страница 6

СКАЧАТЬ шэрымі вочкамі. Выпрабоўваў. Ільга, сустрэўшыся з Дубынічам вачыма, тут жа адвяла погляд, утаропілася ва ўласны падол, вышыты залатымі лілеямі, закалупала падлогу наском расшытага зыркімі пацеркамі боціка.

      – Не надта, дзядзька, – прагаварыла ціха. – І, думаю, не зладзіцца.

      А Дубыніч, крывячы рот, бязлітасна працягваў, што, і сапраўды, па кутах ціскацца – гэта адно, і дзеля аднаго гэтага, можа быць, і не варта вяселле ладзіць, калі на тое. Ільга чырванела і моўчкі сердавала – збольшага на саму сябе.

      – Алізар у нас хлопец упарты, каб яго трасца, – дадаў Дубыніч, з імпэтам пачасаўшы бараду. – Праўду кажучы, гэта я яму параіў, каб з табою смялейшы быў, ці што. Як лепей хацеў, каб у вас… ну… Ты таго… даруй мне. Дабро?

      – Дабро, – адазвалася Ільга. Падцягнулася на руках і села на шырокае каменнае падаконне, спінаю да туманных пагоркаў і крывавага захаду за каляровым шклом. Боўтала нагамі, паглядаючы на ўласны цень, выразна акрэслены на самацветным дыване святла на падлозе.

      – Не кахаеш ты яго, дзеўка, – мовіў Дубыніч. – Алізара–та. А?

      Ільга паглядзела на Дубыніча і пацвердзіла вельмі спакойна, быццам размова ішла пра надвор’е:

      – Не кахаю, дзядзька.

      Дубыніч паківаў і цяжка ўздыхнуў. А Ільга раптам жахнулася свайго спакою, сваёй абыякавасці і нейкім дзіўным чынам зразумела, ці, дакладней, адчула, што прычына ўсяго гэтага – там, у інеістай пустцы паміж яе ўспамінаў. І зноў задрыжэла, быццам ад холаду, і падалося нават, што лускавінкі інею караскаюцца па сценах вежы, па камянях і метале, заімгляюць сталь старой зброі, павольна, але няспынна паглынаюць і колеры, і святло, і барвовы захад, і белы туман.

      – Дзядзька! – гучна паклікала Ільга. Злавесны іней, нібы спудзіўшыся чалавечага голасу, апаў.

      – Чаго, малая?

      – Ці можна… – Ільга асеклася спачатку, але змусіла–такі сябе закончыць: – Ці можна памятаць, што ты нешта забыў?

      – Чаго–о? – працягнуў Дубыніч. – Гэта як жа так, дзеўка? Калі забыў, дык забыў. Калі помніш, дык помніш. Не?

      Дзень таму і сама Ільга разважала б такім самым чынам. Але не сёння.

      – Я нешта забыла, – таропка загаварыла яна, недаверліва паглядаючы на Дубынічаў круглы твар. – Разумееш, дзядзька? Нешта вельмі важнае. Разумееш?

      – Ага, вядома, ясна, – выгукнуў Дубыніч, падкручваючы чорны вус, і відно было, што зусім яму не ясна, ані на дробачку. Ільга схавала разгарачаны твар у далонях, кусала вусны ад злосці на сваю коснаязыкасць. Нават распавесці пра ўсё гэта, страшнае, непапраўнае, не атрымлівалася. І нешта глыбока ўнутры настойліва нашэптвала: а раптам усе гэтыя нітачкі, усе гэтыя сляды, цені ўспамінаў – лухта і прыдумка? Ніколі не было нічога, апроч таго, што і зараз вядома. А яна дарэмна ламае сабе галаву і мучыць тых, хто мае няшчасце быць побач. Толькі і ўсяго.

      – Толькі і ўсяго, – з горыччу сказала Ільга ўслых. І адначасна СКАЧАТЬ