Название: Вараціш-гара
Автор: Маргарыта Латышкевіч
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-7210-14-5
isbn:
Але раней, пры ўсёй жудасці становішча, усё гэта не падавалася Ільзе настолькі ўжо няправільным. Раней яна, па вялікім рахунку, дзень па дні ўсё болей і болей схілялася да думкі, што мусіць, наўпрост абавязана прынесці сябе ў ахвяру шчасцю княжыча. Чалядніцы шапталі ёй, абвіваючы Ільзін стан павуціннем белага шоўку, што кожная дзяўчына ў княстве ўсім сэрцам жадала б апынуцца на яе месцы, што такое каханне, як у княжыча да яе, сёння рэдкасць і цуд. І Ільга, крывячы душой і суцяшаючы сумленне, думала: сцерпіцца – злюбіцца. Гожы малады княжыч, які за апошні час выраўняўся ў ладнага юнака, з цёплымі карымі вачыма, з шаўковымі цёмнымі кудзерамі, здаецца, сапраўды кахаў яе. Пакахаў, толькі пабачыўшы, і ўвесь гэты час абяцаў абараняць. Так што яна была ўпэўнена, што павінна калі не пакахаць, дык па меры сіл зрабіць шчаслівым добрага княжыча, што вяселле і абавязковае шчасце пасля, доўгае–доўгае жыццё разам – гэта якраз тое, чаго і ёй самой хацелася б.
Толькі вось у смаку таго яблыка было штосьці такое, што ўсхвалявала яе памяць, што адшукала ў яе памяці і ў сэрцы – страшную, балючую пустку, рану, якая хай і запяклася, але ўсё яшчэ смылела. І, асэнсаваўшы ўсё, быццам ачомаўшыся, быццам абудзіўшыся ад доўгага сну, Ільга раптам з жахам зразумела, што змаладушнічала, збаялася аднойчы і сама сябе загнала ў кут, у тупік без выйсця. І ад гэтага асэнсавання зямля сыходзіла з–пад ног і не ставала паветра.
І зноў падалося, быццам яна вось–вось павінна ўспомніць усё, трэба толькі напружыць памяць у апошнім высілку.
– Хаця б весела было? – спытаў Алізар мякка, не выпускаючы яе руку са сваіх далоней. Ільга здрыганулася ўсім целам, зірнула на яго спужанымі вачыма. Нітачка зноў перарвалася, унутраная бездань дыхала самым сапраўдным ледзяным холадам – так, што Ільгу ўзяла дрыготка.
Княжыч заўважыў, варухнуў бровамі, скінуў падбіты футрам плашч, захутаў Ільгу. Усміхнуўся, сустрэўшыся з ёй поглядам, і ад гэтай шчырай і цёплай усмешкі ў Ільгі сціснулася сэрца.
– Хадзем, хадзем, – сказаў Алізар, асцярожна адвёўшы ад Ільзінага твару неслухмяную пасму. – Вечарэе, з верасовых пустак цягне сырасцю.
І Ільга, блытаючыся ў аксамітным падоле, дазволіла сябе звесці, дазволіла сабе расслабіцца, кінуць спробы адолець прагал ва ўспамінах. Адчувала моцную цёплую руку вакол сваіх плеч, думала мляўка, павольна і ленавата: і няхай так застаецца, і няхай так і будзе. У казак ёсць свае законы, казкі ўсе расказваюцца на адзін лад, і нічога з гэтым не зробіш, і супраціўляцца марна.
– Там быў стары гусляр, – задуменна прагаварыла Ільга. – Уяві, спяваў пра князёўну і цмока. Пра мяне.
Прамовіўшы гэта, раптам сумелася, і зноў адрынула мляўкасць, паспрабавала засяродзіцца на аднойчы заўважанай няправільнасці.
СКАЧАТЬ